На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта зацверджаны прадстаўленыя аддзелам культуры райвыканкама мерапрыемствы па захаванню і развіццю культуры Хойніцкага раёна на 2011-2015 гады. Гэтыя мерапрыемствы накіраваны на развіццё нацыянальнай культуры, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне ўмоў для ўсебаковага росту духоўных і эстэтычных патрабаванняў насельніцтва, арганізацыі яго самадзейнай мастацкай творчасці і культурнага вольнага часу, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры.
Дзеля забяспечанасці захавання музейнага фонду раёна і агульнадаступнасці музейных прадметаў працягваецца пошук і набыццё музейных прадметаў. Плануецца правядзенне свята культуры сярэдневякоўя сумесна з клубам «Старая вежа»г. Гомеля.
Дзеля развіцця эстэтычнага выхавання, прафесійнай мастацкай адукацыі, падтрымкі таленавітай моладзі прадугледжваецца адкрыццё ў дадатак да наяўных філіялаў дзіцячай школы мастацтваў у вёсках Віць і Паселічы.
Для падтрымкі і развіцця народнай творчасці арганізоўваецца штогадовае правядзенне рэгіянальнага агляду-конкурсу аўтарскай паэзіі, прозы і песні «Бацькаўшчына – багацце маё і любоў» з выпускам зборніка па яго выніках.
Народны тэатр прадоўжыць абнаўленне спектакляў, акрамя таго будуць створаны маладзёжны тэатр і тэатральныя гурткі пры клубных установах вёсак Стралічава, Барысаўшчына, Глінішча і Судкова. Да 500-годдзя заснавання Хойнік будзе падрыхтавана свята народных рамёстваў «Дзень добры, горад майстроў!».
Дзеля ўмацавання іміджу нацыянальнай культуры ў нашай краіне і за мяжой плануецца: наладжванне супрацоўніцтва паміж дзіцячымі школамі мастацтва г. Хойнікі і ўкраінскіх гарадоў Іванькава і Народзічы; правядзенне свята народнага мастацтва «Галасы Палесся» з удзелам раёнаў Прыпяцкага рэгіёна, Іванькаўскага, Оўручскага, Народзіцкага, Дабрапольскага раёнаў Украіны.
Рэалізацыя мерапрыемстваў ажыццяўляецца аддзелам культуры райвыканкама, іх фінансаванне – за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і сродкаў упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама.
Клаўдзія БОСАК.