У добры час, у добры шлях!

Сельское хозяйство

Даўно ўжо, вычышчаны і вымецены да бляску, мехдвор сельгаспрадпрыемства «Веляцін» на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі не бачыў столькі людзей і столькі тэхнікі, як гэта было раніцай 14 ліпеня. У мінулы чацвер тут прайшло раённае свята «Зажынкі-2011», якое дало афіцыйны старт сёлетняму жніву.



На гэтым мерапрыемстве цесна перапляліся старадаўнія абрады і рытуалы палешукоў з традыцыямі сённяшняга дня, што і паспрыяла стварэнню атмасферы ўрачыстасці і значнасці пачатку жніва. Як раней, так і зараз тры гэтыя напружаныя і адказныя тыдні многае вырашалі і вырашаюць у жыцці раёна, вобласці і краіны ў цэлым. Таму і не страціць ніколі сэнсу і актуальнасці мудрая прымаўка: будзе хлеб, будзе і песня.



У сваім выступленні старшыня Хойніцкага райвыканкама А.В. Бічан адзначыў, што нягледзячы на капрызы надвор’я стан пасеваў збожжавых і зернебабовых культур дазваляе разлічваць на добры ўраджай. Для таго каб узяць яго ў поўнай меры і без страт, у гаспадарак раёна сёння ёсць усё неабходнае – і выдатная тэхніка, і высакакласныя спецыялісты. Патрэбна толькі максімальная аддача ад працы механізатараў, вадзіцеляў, рабочых на збожжатаках і элеватарах, эфектыўная, чоткая і дакладная арганізацыя работ кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак. Пры захаванні ўсіх гэтых умоў раён зможа выйсці на запланаваныя рубяжы – 40 тысяч тон валавога намалоту збожжа і сярэднюю ўраджайнасць не ніжэй 30 цэнтнераў з гектара.



Удачы, важкага коласу і плённай працы пажадалі камбайнерам раёна і іх памочнікам начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Р. Варабей і спецыяліст РК ГА «БРСМ» Н.А. Паламошына.



Парадавалі ўсіх гасцей свята высокім выканаўчым майстэрствам самадзейныя артысты ансамбляў «Журавінка» і «Спадчына», «Галасы Палесся», салістка Анастасія Лабачова. Ажывілі зажыначныя абрадавыя малюнкі з сівой даўніны ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Судкоўскага і Барысаўшчанскага Дамоў культуры.
А потым, пад гукі марша, чарада камбайнаў накіравалася на збожжавое поле. У добры час, у добры шлях!



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *