Бацькоў, як і Радзіму, не выбіраюць. І як добра, калі дзіця кожны дзень і кожную хвіліну адчувае клопат аб сабе, шчырасць і цяпло бацькоўскай любові. На жаль, ёсць і іншыя сем’і, у якіх дзеці прадастаўлены самі сабе, зрэдку бываюць накормлены жаласлівымі суседзямі, апранаюцца ў што давядзецца і спяць дзе давядзецца.
У нашым раёне налічваецца 121 грамадзянін названай катэгорыі і нямногія з іх нармальна працуюць і своечасова пералічваюць усе плацяжы. Астатнія – усімі сіламі ўхіляюцца ад гэтага апошняга бацькоўскага абавязку перад роднымі дзецьмі: нават калі іх прымусова ўладкавалі на работу, прагульваюць і п’янствуюць на рабочых месцах, пастаянна мяняюць месца жыхарства, вядуць амаральны лад жыцця.
Канешне, у заканадаўстве прапісаны і меры ўздзеяння. Напрыклад, калі абавязаная асоба не працаўладкоўваецца на працягу трох месяцаў, матэрыялы на яе мы накіроўваем у следчыя органы РАУС для ўзбуджэння крымінальнай справы. Калі ж чалавек не мае пастаяннага месца жыхарства, ён аб’яўляецца ў вышук з усімі наступнымі вынікамі.
Але і гэта не заўсёды прыносіць станоўчы эфект, запазычанасці растуць з года ў год.
Так, па стану на 1 ліпеня бягучага года сума агульнай запазычанасці ўсіх гэтых «гора-бацькоў» перасягнула 800 мільёнаў 462 тысячы рублёў. Калі ўдумацца ў гэтыя лічбы і пералічыць, то ў сярэднім атрымліваецца больш чым па 6,5 мільёна рублёў на кожнага з абавязаных!
Але і тут ёсць свае незайздросныя рэкардсмены. Напрыклад, А.М. Марозава павінна аплачваць расходы на ўтрыманне чацвярых дзяцей. Адбывала пакаранне ў папраўчых установах, прымусова лячылася ад алкагалізму, пастаяннага месца жыхарства не мае. Была прымусова працаўладкавана ў ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», дзе з яе заробку ў адпаведнасці з заканадаўствам вылічвалі 70 %. Аднак на працягу года здзейсніла больш за 200 прагулаў па прычыне п’янства, і зараз зноў паўстала пытанне аб чарговым яе накіраванні на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Агульная сума запазычанасці Марозавай перавышае 50 мільёнаў рублёў.
Яшчэ адна «маці-зязюля» – Л.В. Сямёнава – таксама прымусова лячылася ад алкагалізму і таксама ўпарта не жадае нармальна працаваць на торфабрыкетным заводзе – п’янствуе і прагульвае. Сума яе запазычанасці на ўтрыманне траіх дзяцей – больш за 25 мільёнаў рублёў.
Аднак і сярод гэтых прапашчых людзей ёсць і такія, што адумаліся і не жадаюць каціцца далей па нахільнай плоскасці. З далікатнасці не будзем называць прозвішча, але адзначым, што адна з хайнічанак ужо пагасіла абсалютную большасць сваёй запазычанасці (выплаціла больш за 10 мільёнаў рублёў з 11) і ў далейшым можа разлічваць на вяртанне дзіцяці. Закон прадугледжвае і гэтую магчымасць, а такія станоўчыя факты ў нашым раёне таксама ёсць. Хто ведае, магчыма гэтыя добрыя прыклады для некага з абавязаных таксама стануць урокам і нехта зноў адчуе пазабыванае пачуццё бацькоўства.
В. НОВІК, старшы судовы выканаўца суда Хойніцкага раёна.