Зручна, рэнтабельна і экалагічна


Цяжкасці, звязаныя з дарагавізнай бензінавага і дызельнага паліва, сёння прымушаюць эканоміць на паездках як кіраўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, іншых арганізацый і ўстаноў, так і прыватных аўтаўладальнікаў. Між тым, бензіну ёсць намнога больш эканамічна выгадная альтэрнатыва – газавае паліва. Перавод аўтатранспартных сродкаў на звадкаваны вуглевадародны газ – дзейсная мера па зніжэнню сабекошту выпускаемай прадукцыі, рэальнай эканоміі на паліве і зніжэнню транспартных расходаў. Усе гэтыя эканамічныя патрабаванні ўтрымліваюцца ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы».  Аб тым, як на справе пераабсталяваць аўтамабіль для работы на газавым паліве, дзе гэта можна зрабіць і колькі будзе каштаваць, расказвае начальнік Хойніцкага цэха МВУ «Рэчыцаміжрайгаз»  В.Р. АКШЭСЯК.



– Васілій Рыгоравіч, якія аўтамабілі можна пераабсталяваць для работы на звадкаваным газе?
– Усе грузавыя і легкавыя аўтамабілі, якія да гэтага працавалі на бензінавым паліве. З-за некаторых канструкцыйных асаблівасцей рухавіка пераводу на звадкаваны вуглевадародны газ (ЗВГ) не падлягаюць аўтамабілі, працуючыя на дызельным паліве.
Аднак пры пераводзе на газ аўтамабіль можа па-ранейшаму працаваць яшчэ і на бензіне – пры жаданні вадзіцеля. Адзінае патрабаванне, якое мы выстаўляем заказчыкам, – спраўнасць сістэм электраабсталявання аўтамабіля.
– Якія перавагі дае пераабсталяванне аўтамабіля на работу на газавым паліве?
– Перш за ўсё, значную фінансавую эканомію – газавае паліва ўдвая дзешавей бензінавага. Па-другое, яно павялічвае тэрмін работы рухавіка на 30-40%, масла і свечаў – у 2 разы, а гэта зніжае не толькі рамонтныя, але і эксплуатацыйныя затраты прадпрыемстваў і прыватных аўтаўладальнікаў.
Затраты на пераабсталяванне аўтамабіля для грузавых машын акупляюцца ўжо пасля 40 тысяч кіламетраў прабегу, легкавых – пасля 10 тыс. км. Яшчэ адна важная дэталь – газавае паліва больш экалагічна чыстае і бясшкоднае. Акрамя таго, звужаюцца магчымасці для крадзяжоў паліва – газ немагчыма зліць з балона. Сам жа балон можна выбраць любой канфігурацыі і ёмістасці і размясціць яго ў любым месцы аўтамабіля па жаданню вадзіцеля – пад днішчам, у багажніку, альбо іншым. Пры гэтым вентыль для запраўкі выводзіцца звонку.
– Пераабсталяванне аўтамабіля можна зрабіць у Хойніках?
– Так, спецыялісты нашага цэха маюць высокую кваліфікацыю і належны вопыт. Мы пераабсталёўвалі аўтамабілі пад работу на газавым паліве не толькі на прадпрыемствах нашага, але і Брагінскага раёна. І за ўвесь час не паступіла ніводнай скаргі на якасць работы.
Дарэчы, усе работы па мантажу газавага аўтаабсталявання мы можам выканаць і на месцах у двухдзённы тэрмін. Зараз кошт абсталявання і работ па яго мантажу каштуе ў межах ад 2,5 да 4 мільёнаў рублёў. Выбар газавага абсталявання і балона мы праводзім па жаданню заказчыка.
Мантаж, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт газавага абсталявання праводзіцца з выкарыстаннем самых сучасных камп’ютэрных праграм. Гарантыйны тэрмін абслугоўвання – 6 месяцаў.
– Колькі арганізацый пажадалі перавесці свой аўтатранспарт на газавае паліва?
– Зараз на звадкаваным вуглевадародным газе працуюць 5 машын нашага цэха МВУ «Рэчыцаміжрайгаз», па 4 транспартныя адзінкі – Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Малочныя прадукты» і торфабрыкетнага завода, 3 аўтамабілі  раённага вузла электрасувязі, па 2 машыны ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», раёна электрасетак і аўтарамонтнага завода. Думаю, што ніхто з кіраўнікоў гэтых арганізацый яшчэ не пашкадаваў аб прынятым рашэнні.



 Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *