Да 105-годдзя Івана Мележа: народны пісьменнік жыў лёсам людзей на балоце

Культура

Дата нараджэння – гэта дата жывых, а таксама тых, хто наперакор смерці застаецца жывым у памяці людзей.

Гэта ў поўнай меры адносіцца да народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. І не можа быць інакш, бо жывуць яго творы, яго героі, землякі, яго Курані, Глінішча, Алексічы. І разам з імі жыве пісьменнік.

Нарадзіла яго зямля родных Глінішч, каб потым ён разгледзеў на ёй кожнае дрэўца, травінку, убачыў, як наліваецца колас і зацвітаюць верасы, як выплывае месячык на небе, каб пачуць плёскат хваль Прыпяці, каб потым стаць песняром Палесся.

Нам, глінішчанцам, пашчасціла, што менавіта на нашай зямлі нарадзіўся сапраўдны талент, узор працавітасці, мужнасці і дабрыні. Таму так шануюць і любяць яго землякі. Тут, у Глінішчах, вытокі і карані «Палескай хронікі», карані самога пісьменніка. Тут жылі, працавалі, кахалі героі Мележа, будавалі новае жыццё, змагаліся за сваё чалавечае шчасце.

Як гаварыў Іван Паўлавіч: «Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая. Ёй, яе людзям я і прысвяціў 10 год нецерплівай радаснай працы, два маіх раманы. Я хачу, каб чытачы маіх кніг таксама палюбілі гэтую зямлю і яе людзей, або па крайняй меры – хоць ведалі пра іх».

У 2025 годзе ў Доме-музеі імя Івана Мележа пабывала 1358 наведвальнікаў. У кнізе водгукаў установы захоўваюцца запісы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (у 2008 годзе), удзячных людзей з Казахстана, Арменіі, Славакіі, дыпламатаў Венгрыі і Балгарыі, а яшчэ шчырыя словы ад вядомых беларускіх пісьменнікаў Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Міколы Мятліцкага.

У «Палескай хроніцы» ён паказаў жыццё палешукоў праўдзіва і ўсебакова. Ён на ўвесь свет праславіў цудоўны куток беларускага Палесся. «Палеская хроніка» перакладзена на розныя мовы. Мележ адкрыў замежнаму чытачу сваеасаблівую прыгажосць амаль невядомай яму зямлі, працавітага і сціплага народа.

Іван Мележ не толькі вялікі майстар мастацкага слова, але і чалавек багатай, адкрытай і шчодрай душы. Такім назаўсёды застанецца ў нашай памяці. І вельмі доўга будуць жыць з намі, чытачамі, яго кнігі, кнігі чалавека, бязмерна ўлюблённага ў жыццё.

Любоў РУБАН, загадчык Дома-музея ім. І.П. Мележа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *