У занальным дзяржаўным архіве, які знаходзіцца ў Рэчыцы, захоўваюцца дакументы з Брагінскага, Хойніцкага, Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў, пачынаючы з лістапада 1943 года па сёння.
У іх ліку – дакументы, якія адлюстроўваюць найважнейшыя гістарычныя і культурныя падзеі, што адбыліся ў нашым краі.
Адной з каштоўнасцей можна лічыць дакументы пра стварэнне і адкрыццё на Хойнікшчыне Дома-музея народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
Сапраўдны дом Мележа ў яго роднай вёсцы Глінішча быў праданы яшчэ ў 1970 годзе пры яго жыцці. Таму кіраўніцтва раёна вырашыла пабудаваць новае памяшканне пад музей пісьменніка. У сувязі з гэтым прынята адпаведнае пастанаўленне бюро Хойніцкага райкама КПБ і райвыканкама Хойніцкага райсавета дэпутатаў ад 15 ліпеня 1977 года. Там ёсць такія радкі:
1. В целях увековечения памяти народного писателя БССР, лауреата Ленинской премии Ивана Павловича МЕЛЕЖА создать мемориальный музей И.П. МЕЛЕЖА на родине писателя в деревне Глинище Алексичского сельского Совета.
4. Обязать правление колхоза «Ленинский шлях» (председатель тов. ЮШКЕВИЧ Н.Г.) и исполком Алексичского сельского Совета (председатель тов. МЕЛЕЖ А.Д.) изыскать средства и в течение текущего года построить здание для мемориального музея.
5. Обязать управление капитального строительства райисполкома (тов. СВИТЕНКОВ Н.К.) оказать помощь правлению колхоза и исполкому сельского Совета в строительстве здания музея и выделении необходимых строительных материалов.
6. Просить Гомельский обком КП Белоруссии и облисполком дать разрешение и ходатайствовать перед ЦК КПБ и Совмином БССР о создании Государственного музея И.П. МЕЛЕЖА на его родине в дер. Глинище Хойникского района Гомельской области».
Работы над стварэннем музея цягнуліся некалькі гадоў. Афармляліся памяшканні, збіралі асабістыя рэчы пісьменніка, ствараўся быт, у якім жыў і рос Іван Паўлавіч. Нарэшце, 12 лютага 1983 года Дом-музей народнага пісьменніка БССР Івана Мележа гасцінна расчыніў свае дзверы. Пра гэту вызначальную для Хойнікшчыны і Беларусі ў цэлым падзею маюцца сведкі ў рашэнні № 95 выканкама Хойніцкага райсавета народных дэпутатаў ад 25 лютага 1983 года.
У архіўных дакументах асабліва адзначаны ўклад у стварэнне Дома-музея Мележа ў Глінішчы мясцовага калгаса «Ленінскі шлях». Ды і цяпер гэта сельгаспрадпрыемства паспяхова функцыянуе і названа ў гонар знакамітага земляка – КСУП «Імя І.П. Мележа».
Сёння Дом-музей Івана Мележа ўваходзіць у склад раённага краязнаўчага музея і па-ранейшаму прымае аматараў творчасці пісьменніка.
Сяргей ЖАРНОСЯНКА, археограф І катэгорыі занальнага дзяржархіву ў г. Рэчыца.
