Да 105-годдзя Івана Мележа: 5 цікавых фактаў пра класіка беларускай літаратуры

Культура

Прозвішча Мележ – даволі рэдкае і сустракаецца пераважна на Палессі.

Бацька Івана Мележа гаварыў, што продкі іх з-пад Прагі (чэхам быў прадзед Ігнат). Хаця па сведках настаўніка з Юравіч У.Ф. Ісаёнка, які даследаваў гэту тэму: «Сапраўды, 2 ліпеня 1874 года Ігнацій Мележ падпісаў сярод іншых членаў апякунскага савета акт аб прыёмцы царквы. На той час ён быў паважанай асобай – юравіцкім валасным старшынёй».

Творчасць Івана Мележа пачынаецца з 1939 года, калі ён напісаў першы верш «Радзіме», які апублікавалі ў газеце «Чырвоная змена». Сваёй першай паспяховай спробай Іван Паўлавіч называў публікацыю вершаванага апавядання ў конкурсе часопіса «Іскры Ільіча» ў 1933 годзе.

Многія думаюць, што прататыпам Ганны Чарнушкі з’яўляецца родная цётка пісьменніка Ганна па матчынай лініі, якая жыла ў Каранёўцы. Але гэта не зусім так. Гэта абагульнены вобраз беларускай жанчыны-паляшучкі. Але ж ёсць некалькі герояў, якіх аўтар перанёс на старонкі кнігі з жыцця і нават назваў сваімі імёнамі: Іван Зайчык, Алёша Касцючэнка, настаўніца Праскоўя Андрэеўна, Андрэй Руды, швачка Голда.

Здымкі экранізацыі «Людзі на балоце» (у 1982 годзе) праходзілі на Магілёўшчыне, таму што на той момант балоты ў нас былі асушаны. Затое першы паказ адбыўся ў Глінішчанскім СДК. Рэжысёр Віктар Тураў разам са здымачнай групай, артыстамі прыехаў у вёску, каб пачуць водгукі аб сваёй рабоце ад землякоў Івана Мележа.

Апошні раз, калі наш знакаміты зямляк наведаў свае родныя мясціны, быў у маі 1976 года. Тады ў Мінску праходзіў сёмы з’езд пісьменнікаў. Удзел ў ім прымаў і першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Ён і запрасіў Мележа разам з іншымі пісьменнікамі паглядзець на Палессе з вышыні. Верталёт з такімі паважанымі асобамі на борце стварыў неперадавальны эфект на жыхароў Глінішча.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *