Стараюцца стралічаўцы

Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна завяршаюць уборку кукурузы на зялёную масу і ўшчыльную прыступаюць да ўборкі кукурузнага зерня. Зараз механізатары, занятыя на ўборцы і трамбоўцы кукурузнай масы ў месцах яе закладкі на кансервацыю, вадзіцелі на адвозцы, спецыялісты гаспадарак працуюць без выхадных і святаў. А, зрэшты, калі яны былі ў працаўнікоў вёскі?



Вось і ў мінулыя суботу і нядзелю добра пастараліся ў эксбазе «Стралічава», дзякуючы чаму ўжо сённяшнім днём гаспадарка можа завяршыць уборку кукурузы на сілас. Па стану на ўчарашні дзень у траншэі на зіму ў эксбазе закладзена 15586 тон  сіласу (пры плане 13600 т), з якіх 14259 тон складае сілас кукурузны. Што датычыць мінулых выхадных, то ўдарна папрацавалі не толькі работнікі самой эксбазы, але і дапамагаючыя гаспадарцы гараджане. Так, на адвозцы зялёнай масы быў заняты транспарт з гомельскіх аўтапрадпрыемстваў: тры 20-тонныя МАЗы з  АТУП № 6 і два з АТУП № 1, а для трамбоўкі сіласнай масы яшчэ адзін трактар К-701 выдзеліў ПДРЭЗ. 



Уборкай кукурузы на зялёную масу ў «Стралічаве» ў асноўным займаўся вопытны і вядомы ў раёне механізатар Аляксандр Мікалаевіч Дрончанка. Праўда, пасля таго як яго «Палессе» ў канцы мінулага тыдня запатрабавала рамонту, на выручку прыйшлі суседзі з КСУП «Веляцін» – з панядзелка на кукурузны палетак выйшаў «Ягуар-870» механізатара Аляксандра Васільевіча Яблонскага. Паабяцала дапамагчы яшчэ адным такім магутным уборачным агрэгатам кіраўніцтва КСУП  імя Мележа, а ўзамен на ўборку кукурузы на зерне стралічаўцы накіравалі на мележаўскія палі Анатолія Сяргеевіча Карымава на камбайне КЗС-10 са жнеяркай для ўборкі кукурузнага зерня. Гэтае прыстасаванне эксбаза набыла сёлета, і зараз кукурузнымі жнеяркамі ў гаспадарцы аснашчаны два збожжаўборачныя камбайны.



Уборкай жа кукурузы на зерне ў самой эксбазе «Стралічава» на камбайне КЗС-1218 займаецца Аляксандр Васільевіч Васюк  (на здымку) – таксама вопытны і паважаны ў калектыве механізатар. Па стану на 18 кастрычніка ў гаспадарцы было ўбрана больш за трэць плошчы, адведзенай пад кукурузу на зерне – 95 гектараў з 240. Цікава, што калі збожжа каласавых культур сыплецца з бункера камбайна ў аўтамабільны кузаў з характэрным шоргатам, то кукурузнае зерне з таго ж бункера ў кузаў ЗіЛа-130 Сяргея Міхайлавіча Аўдзеенкі падае куды больш гучней: і зярняткі масіўней, ды і ўраджай у эксбазе сабралі нядрэнны – больш чым па 50 цэнтнераў з гектара.



А вось бульба сёлета падкачала – толькі 123 цэнтнеры з гектара, асабліва пацярпелі ад чэрвеньскіх дажджоў пасевы ў нізінах. Дарэчы, такі ж малюнак назіраецца і на прыватных участках вяскоўцаў, на якіх зараз дапамагае ўбіраць ураджай тэхніка эксбазы, сваю бульбу тут выкапалі яшчэ ў першай дэкадзе кастрычніка. Худа-бедна, але ж 736 тон клубняў усё ж у «Стралічаве» сабралі. Дарэчы, гэта трэці паказчык сярод гаспадарак раёна, больш толькі ў КСУП імя Мележа (986т) і «Аравічы» (900 т).
Пасля завяршэння ўсіх «кукурузных» работ гаспадарка зоймецца ўборкай цукровых буракоў. Пакуль жа ўбрана 29 гектараў салодкага кораня са 100, на Гарадзейскі цукровы камбінат адгружана 1200 тон сыравіннай прадукцыі.



А яшчэ эксбаза «Стралічава» заўсёды вызначалася вялікімі аб’ёмамі ўздыму зябліва. Не з’яўляецца выключэннем і гэты год – восеньскае ворыва тут будзе праведзена на ўсёй плошчы веснавой яравой сяўбы. Гэта дазволіць, па-першае, скараціць аб’ём ворыўных работ вясной, а па-другое, значна папярэдзіць распаўсюджванне пустазелля і ўзбуджальнікаў хвароб раслін. Таму і ракочуць штодзённа на восеньскім полі энерганасычаныя трактары МТЗ-3022, на якіх працуюць Юрый Мікалаевіч Дрончанка і Андрэй Анатольевіч Каранда. Кожны дзень абаротнымі плугамі пераварочваюць яны, як мінімум, па 20 гектараў глебы. Так ужо сёння закладваецца фундамент ураджаю будучага года.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *