Трэці год пры Стралічаўскай сярэдняй школе дзейнічае цэнтр радыеэкалагічнай культуры, створаны пры падтрымцы Швейцарскага ўпраўлення па развіццю і супрацоўніцтву.
– Асноўная мэта цэнтра, – гаворыць яго кіраўнік настаўніца С.С. Шрамко, – выхаванне культуры харчавання ў бацькоў праз дзяцей.
Дзеля дасягнення намечанага маецца спецыяльнае абсталяванне: гама-радыёметр (РКГ-АТ- 1320А), дазіметр-радыёметр (МКС-АТ613ОС), камп’ютэр. Гомельскім інстытутам радыялогіі прадастаўлена метадычная літаратура на тэму асаблівасцей пражывання на забруджаных тэрыторыях.
Цэнтр, пад які ў школе выдзелены асобны кабінет, ніколі не пустуе. Хлопчыкі і дзяўчынкі забягаюць сюды на перапынках, пасля ўрокаў. А больш грунтоўна займаюцца даследаваннямі прадуктаў харчавання, якія прыносяць з дому, у суботу – выхадны для вучобы дзень. І агітуюць мясцовае насельніцтва на гэта. Восенню прыносяць жыхары на даследаванне бульбу, агародніну, малако – круглы год. Пасля праверкі яны маюць рэальнае ўяўленне аб магчымасці ўжывання ў ежу гэтых прадуктаў без шкоды для ўласнага здароўя.
Тэма бяспечнага пражывання на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі ўздымаецца настаўнікамі школы на класных гадзінах, а кіраўнік цэнтра С.С. Шрамко да таго ж вядзе ў выпускным класе факультатыў “Практычная радыеэкалагічная культура” і з’яўляецца кіраўніком гуртка “Эдэльвейс”.
– Не магу нікога вылучыць з гурткоўцаў, – гаворыць С.С. Шрамко, – бо ўсе актыўныя. З асаблівым інтарэсам працуюць яны над выпускам насценнай газеты “Эдэльвейс”, рэдактарам якой з’яўляецца сямікласніца Ірына Трошка. Наш праект “Экалагічная школа будучага” прадстаўлены на абласны конкурс. Ганаруся я сваімі выхаванцамі, якія праводзяць навуковыя пошукі. Так, вучань сёмага класа Яўгеній Бычкоўскі першым сканструяваў мадэль ветранога млына. Гэту ідэю падхапіў яго аднакласнік Вадзім Лапацін, які да таго ж даў “другое жыццё” пластыкавай бутэльцы. Шасцікласніца Аліна Сагітава вывучыла тэорыю ўзнаўляльных крыніц электраэнергіі. Вучань 6 класа Аляксандр Капуста прапанаваў свой варыянт аховы навакольнага асяроддзя, вырабіўшы мадэль ветранога млына.
ХХІ стагоддзе аб’яўлена ЮНЕСКА стагоддзем адукацыі. Сфармуляваны дзве ўзаемазвязаныя глабальныя функцыі: гуманістычная і экалагічная. З апошняй пасрэднасцю цэнтра радыеэкалагічнай культуры паспяхова спраўляецца калектыў Стралічаўскай школы.
Клаўдзія БОСАК.