На шляху станаўлення раёна


Ці не да 1511/1512 г. Хойнікі і значная частка пазнейшага раёна былі неад’емнай часткай Брагінскай воласці*, а немалая яго ўскраіна на паўночны захад і захад, прыкладна ад лініі Кажушкі-Хойнікі, належала да Мазырскай воласці (староства), дзеля чаго пану Антонію Ракіцкаму ў 1776 г. давялося падаць копію пад назваю «Akt ograniczenia hrabstwa Brahinskiego» таксама і ў актавыя кнігі Мазырскага гродскага суда. З названай крыніцы вынікае, што ў Брагінскую воласць не ўваходзіла і частка Хойнікшчыны на поўдзень ад вострава Дронькі. Да якой воласці належала яна, пакуль асобныя паселішчы не былі раздадзеныя прыватным асобам і манастырам? Пэўна ж да Беласароцкай з цэнтрам на сучаснай Нараўляншчыне. Дакументы 1526 і 1543 г. засведчылі тую прыналежнасць для сёл Аравічы, Баршчоўка, Масаны і Пагоннае, а апісанне чарнобыльскага замка 1552 г. – для Кажушкавічаў. Выглядае так, што ўся тэрыторыя Хойніцкага раёна здаўна належала да Кіеўскай зямлі або княства, у 1471 г. пераўтворанага ў аднаіменнае ваяводства.



Згодна з картай В.Л. Насевіча, змешчанай у энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» (Мінск, 2006. Т. 2. С. 90), у сярэдзіне XVI ст. Брагінская воласць была часткай Чарнобыльскага павету. Размежаваннем 1564 г., як сведчыць М.К. Любаўскі, яна ўведзена ў склад Мазырскага, але па Люблінскай уніі 1569 г. увайшла ў Кіеўскі павет. Напярэдадні апошняй Кіеўскае ваяводства манаршыі указам было далучана да Каралеўства Польскага. Уладальнікі вялікай часткі тэрыторыі будучага раёна  Ш. Харленскі (валодаў Хойнікамі) і князі Вішнявецкія (гаспадары Брагіна) супрацьдзейнічаць гэтаму, падобна, не спрабавалі, бо мелі пасады і асноўныя маёнткі трымалі на Украіне. Заходняя ж Хойнікшчына ў складзе Мазырскага павету, з волі тамтэйшай шляхты, засталася ў ВКЛ, аднак належала ўжо да Мінскага ваяводства.



Недзе ў пачатку XVII ст. (хоць магчыма і пасля вайны 1654-1667 гг. паміж Рэччу Паспалітай ды Расіяй) Брагінская воласць увайшла  ў  Оўруцкі  павет.  З канца таго ж стагоддзя ў крыніцах згадваецца  wlosc Chojnicka з вёскамі пераважна паўночнай часткі былой Брагінскай. Што праўда, тая «воласць», у адрозненне ад Брагінскай (раней, чым яна падараваная князю М.В. Збаражскаму), да другой паловы  XIX ст. ніколі не была адміністрацыйнай адзінкай павету. Так называлася звычайнае прыватнае ўладанне, асобныя  часткі    якога, напрыклад, Краснаселле і Уласы, былі значна аддаленыя ад асноўнага масіву ўгоддзяў. Матэрыялы рэвізіі 1716 г. дазваляюць, хоць і на невялікім адрэзку, вызначыць прыкладную мяжу Мазырскага павету ВКЛ і Оўруцкага павету Кароны – паміж Казялужамі і Небытавам (уваходзілі ў Загальскае староства) з аднаго боку, і прыватным маёнткам Хойнікі – з другога.



Такое становішча захоўвалася да другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г., калі Хойнікшчына стала часткай Рэчыцкага павету Чарнігаўскай губерні (намесніцтва), а з 1797 г. – таго ж павету Мінскай губерні Расійскай імперыі. У дарэформенны час пра падзел на такія адміністрацыйныя адзінкі як воласці нічога не вядома. А пасля 1861 г. і да Першай сусветнай вайны тэрыторыя нашага раёна знаходзілася ў межах розных валасцей Рэчыцкага павету Мінскай губерні:
-Аўцюцэвіцкай (Бераснёўка, Старч);
-Дзёрнавіцкай (Аравічы, Баршчоўка, Дронькі, Краснаселле, Малочкі, Масаны, Пагоннае, Радзін, Уласы, Чамкоў);
— Маладушскай (Амелька-ўшчына, Ізбынь, Рашаў);
— Мікуліцкай (Бабчын, Варацец I і Варацец II, Веляцін, Высокае, Губарэвічы, Звяняцкае, Каралін, Карпілаўка, Лісцвін, Мокіш, Плоскае, Пудакоў, Рудакоў, Рудыя, Чахі);
— Хойніцкай (Хойнікі, Барысаўшчына, Берасцечка, Валокі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Гноеў (Віць), Дворышча, Дубровіца, Дэлістаў, Забалаць, Загалле, Загальская Слабада, Казялужжа, Карчовае, Клівы, Куравое, Людзвін, Лянтэрня (Чырвоная Ніва), Малішаў, Навасёлкі, Настолле, Небытаў, Паселічы, Паташня, Рудзенька, Руднае, Стралічаў, Суткоў, Храпкаў, Юзэфаў);
— Юравіцкай (Азярын (у межах Глінішча), Алексічы, Багуславец (Грачыхіна), Буда, Глінішча, Засценак, Кажушкі, Каранёўка, Ламачы, Ломыш, Маклішча, Міхалёў (Нарыманаў), Кухнаўшчына, Рабец, Рудня Тульгавіцкая, Слабада Кажушкаўская, Слабада Княжыца (Слабажанка), Тульгавічы, Тунеўшчына, Хвойнае).
Далейшае вывучэнне тэмы адміністрацыйнай прыналежнасці Хойнікшчыны, магчыма, дазволіць узнавіць больш дакладную яе карціну, а нават і скласці адпаведныя карты.



*Супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі канд. гіст. навук  А.Б. Доўнар у прыватнай перапісцы (жнівень 2010 г.) сумняваўся ў гэтым, дапускаючы, што ў згаданыя часы Хойнікі маглі не ўваходзіць у Брагінскую воласць, а быць прыватным уладаннем. Ці такое магчыма ўвогуле? Тагачасныя Хойнікі – паселішча ў даволі глухім месцы, таму не прыцягнулі б увагу самі па сабе ні караля з дарадцамі, ні шляхціча-чалабітніка, каб адбылося іх яму падараванне. Нездарма ўва ўсіх дакументах яны выступаюць не асобна, а разам з Астраглядавічамі, ды і маёнтак часта называны не Хойніцкім,– Астраглядавіцкім. Але паміж Хойнікамі і Астраглядавічамі знаходзілася брагінскае сяло Лісцвін… Патлумачым. Ад пачатку воласці ў ВКЛ былі адміністрацыйнымі адзінкамі ваяводстваў і паветаў, а таму мусілі мець суцэльныя тэрыторыі ды агульныя адна з адной межы. Вось жа даўняя Брагінская воласць не магла быць тэрытарыяльна разарваная Астраглядавічамі, і не якісьці прыватны Хойніцкі маёнтак (такога яшчэ не было), а яна межавала з поўначы і захаду з валасцямі Рэчыцкай, Мазырскай і Беласароцкай.


 


С. БЕЛЬСКІ, настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *