Барометр грамадскай думкі


Сустрэчы з насельніцтвам вёсак нашага раёна, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, з удзелам дэпутатаў, прадстаўнікоў служб жыццезабеспячэння – своеасаблівы барометр выказвання грамадскай думкі  аб праблемах і запытах жыхароў.  У ходзе такіх мерапрыемстваў быццам у люстэрку адлюстроўваюцца просьбы кожнага канкрэтнага чалавека і што самае галоўнае – кожнае пытанне знаходзіць сваё вырашэнне.



Дыялог з насельніцтвам аграгарадка Стралічава, які праходзіў у цэнтры вольнага часу, быў  дзелавым. Перад тым, як ён пачаўся, Г. В. Бондар расказала, як развіваецца эканоміка Хойнікшчыны, прывяла цікавыя статыстычныя звесткі аб народанасельніцтве Беларусі і нашага раёна ў прыватнасці. Акцэнтавала ўвагу на навядзенні парадку на зямлі і аб актыўным удзеле ў гэтай справе сельскіх жыхароў, бо ад гэтага ў вялікай ступені залежыць аблічча населенага пункта. Дом павінен быць пафарбаваны, агароджа ўстаноўлена, прыдваравая тэрыторыя ўбрана, зазначыла Галіна Віктараўна. Матэрыяльныя выдаткі для гэтага ў шэрагу выпадкаў павінны скласціся шляхам самаабкладання насельніцтва, варта толькі, каб удзел жыхароў у гэтай важнай справе быў больш актыўным. І дзеці вяскоўцаў, якія знаходзяцца і не знаходзяцца  побач з бацькамі, абавязаны ім дапамагчы, бо як мы адносімся да сваіх бацькоў, на такую ж аддачу можам разлічваць ад сваіх дзяцей. І не толькі на двары бацькоў трэба ўбраць, але і на святым месцы – могілках, дзе пахаваны продкі. Між тым, на добраўпарадкаванне могілак у Стралічаве выходзілі толькі тры чалавекі.



Хлеб і ўсё да хлеба расце на зямлі, падкрэсліла Галіна Віктараўна, вёска корміць горад. А мясцовая ўлада, службы, якія прычасны да стварэння належных умоў працы і быту вяскоўцаў, павінны працаваць у адной звязцы дзеля гэтага.



Не мелі вяскоўцы прэтэнзій да работы мясцовага гандлю, скардзіліся на адсутнасць профільных урачоў. Але больш усяго пытанняў паступіла ад іх на камунальнае абслугоўванне: рамонт дахаў, ацяпленне жылфонду і ўстаноў,  водазабеспячэнне, адсутнасць лазні – далёка не поўны спектр надзённых праблем стралічаўцаў. Калі ж была ўзнята праблема бадзячых сабак, то Галіна Віктараўна Бондар вобразна зазначыла, што гэта не сабакі бегаюць па вёсцы, а блукае наша сумленне. 



Трэба адзначыць, што шэраг пытанняў вяскоўцы не выносілі б у час сустрэчы, іх можна было вырашыць на месцы, калі б больш актыўна працаваў Стралічаўскі сельвыканкам. У прыватнасці, гэтыя пытанні жыхары маглі б узняць у час сельскіх сходаў, калі б такія праводзіліся штомесячна. Але такія мерапрыемствы тут не практыкуюцца. Больш таго, цэлы месяц звярталіся да старшыні сельвыканкама бацькі, чые дзеці наведваюць дзіцячы сад, скардзіліся на паніжаную тэмпературу цяпла. У гэтым разе старшыня сельвыканкама магла б і абавязана была скаардынаваць намаганні адказных служб, каб выправіць становішча. Але гэтага не было зроблена. Выклікае заклапочанасць і тое, што ў Стралічаве, у адрозненне ад іншых сельскіх населеных пунктаў,  склалася самая неспрыяльная крымінагенная абстаноўка. Напрыклад, не праходзіць ніводнага дня, каб у РАУС не паступіла паведамленне аб сямейным скандале. І праблемы соцыуму належыць вырашаць сумесна.



Завяршылася сустрэча канцэртам, які падрыхтавалі для жыхароў удзельнікі мастацкай самадзейнасці Стралічаўскага цэнтра вольнага часу і Малішаўскага сельскага клуба.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *