Пасяджэнне 17-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 26 склікання 19 снежня 2011 года пачалося на прыемнай ноце – старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар ад імя дэпутацкага корпусу і ад сябе асабіста сардэчна павіншавала дэпутата райсавета дэпутатаў, дырэктара КСУП імя Мележа В.М. Каральчука з 60-гадовым юбілеем з дня нараджэння, выказала шчырыя пажаданні, уручыла букет кветак і падарунак.
Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляецца сесія. За справаздачны перыяд на сесіях райсавета дэпутатамі разгледжана 36 пытанняў, якія датычаць розных сфер забеспячэння жыццядзейнасці раёна. У 2011 годзе зацверджаны 2 праграмы: «Кадры» і «Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойніцкага раёна» – на 2011-2015 г. Пры разглядзе пытанняў гандлёвага, медыцынскага абслугоўвання насе-льніцтва раёна, а таксама работы ўстаноў культуры на вёсцы дэпутатамі было праведзена анкетаванне дзеля выпрацоўкі грамадскай думкі аб стане работы па гэтых напрамках.
У раённым Савеце працуюць 4 пастаянныя камісіі, дэпутаты працуюць у камісіях згодна з зацверджанымі планамі.
Асноўным напрамкам у рабоце мясцовых Саветаў з’яўляецца работа з насельніцтвам. Дэпутаты райсавета штомесячна вялі прыём грамадзян у сваіх акругах, старшынёй райсавета праведзена 5 прыёмаў у Рэвалюцыйнай выбарчай акрузе і 15 – на тэрыторыі сельсаветаў. Інфармацыйнай групай, створанай у райсавеце дэпутатаў, праведзена 12 сустрэч з насельніцтвам раёна. У гэтым годзе ўкаранёна новая форма работы – гэта правядзенне «круглых сталоў» з удзелам служб жыццезабеспячэння раёна, а таксама па вопыту г. Мазыра працуюць аглядныя камісіі на тэрыторыі горада і на вёсцы. На тэрыторыях сельсаветаў праведзена 5 Дзён сельсавета, прайшлі і Дні вёсак. Наладжаны абмен вопытам работы з калегамі Брагінскага, Лоеўскага, Мазырскага, Буда-Кашалёскага раёнаў па добраўпарадкаванню. Значную дапамогу старшыням Саветаў у рабоце з насельніцтвам аказваюць упаўнаважаныя. Дэпутаты райсавета прымаюць актыўны ўдзел у праводзімых дабрачынных акцыях, культурна-масавых мера-прыемствах.
Завяршаючы даклад, старшыня райсавета дэпутатаў выказала словы падзякі раённаму выканаўчаму камітэту, кіраўнікам раённых служб, усіх працоўных калектываў раёна за сумесную працу па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння на-сельніцтва. Выказала ўпэўненасць на далейшую сумесную плённую працу.
Са справаздачамі аб рабоце пастаянных камісій райсавета ў 2011 годзе выступілі старшыні камісій па бюджэтна-эканамічных і пытаннях сацыяльнай сферы А.В. Шавырава і Н.У. Ешчанка. На сесіі заслуханы справаздачы аб рабоце ў сваіх выбарчых акругах дэпутатаў А.В. Лобана і Т.В. Іванюценкі, зацверджаны перспектыўны план раённага Савета дэпутатаў і яго органаў на 2012 год.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама А.І. Ціток, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНДУП «Інстытут радыялогіі» В.С. Аверын, які высока ацаніў дзейнасць райсавета дэпутатаў у 2011 годзе, пажадаў далейшых поспехаў.
Клаўдзія БОСАК.