На пасяджэнні райвыканкама разгледжаны ход рэалізацыі ў раёне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях».
Гора-бацькі, так званыя абавязаныя асобы, не толькі не жадаюць выхоўваць дзяцей, яны не жадаюць і працаваць, ажыццяўляюць прагулы, тады ж немагчыма і пералічваць з іх зарплаты частку грошай у даход дзяржавы на ўтрыманне адабраных дзяцей. З пачатку дзеяння Дэкрэта працэнт вяртання па нашаму раёну складае 45,5. Летась гэты паказчык узрос да 54,1% пры сярэднеабласным 66%. Па вобласці наш раён у гэтай статыстыцы на самых нізкіх пазіцыях. «Значыць, нешта не так робім, нешта не ладзіцца», – адзначыў старшыня райвыканкама А.І. Ціток пасля дакладу свайго намесніка Ж.М. Чарняўскай. Адна з прычын – працаўладкаванне абавязаных асоб у эканамічна слабае сельгаспрадпрыемства – агракамбінат «Віць». Там нізкая зарплата, таму і малыя адлічэнні. Яшчэ прычыны – неразуменне кіраўнікамі, дзе працуюць абавязаныя асобы, важнасці своечасовага і поўнага пералічэння грашовых сродкаў, адсутнасць арганізацыі адпрацоўкі прагулаў абавязанымі, доўгачасовае праходжанне медагляду перад тым, як прыступіць ім да працы. Маюць месца адмовы кіраўнікоў у працаўладкаванні абавязаных па броні. Пры гэтым зразумела, што высокай кваліфікацыі і адпаведнай адукацыі ў адвярнуўшыхся ад сваіх дзяцей часцей няма.
Наконт таго, што часта дзеці забіраюцца з тых сем’яў, дзе бацькі, будучы дзецьмі, жылі ў аналагічных умовах, кіраўнік раёна выказаў прапанову, што можа трэба перарываць такія сямейныя ланцужкі. І пасля першага выяўленага факта п’янства дарослымі пры вяртанні дзяцей не даваць ім паўторныя шанцы на выхаванне дзяцей. Як правіла, гэта нічога не дае, адна валакіта з афармленнем папер, а па сутнасці нічога не мяняецца. Што непаўналетнія змалку бачаць, тое ж пераносяць і ў самастойнае жыццё.
На пасяджэнні прысутнічаў і выступіў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Я.Г. Міткевіч. Ён адзначыў, што праблема з пералічэннем грашовых сродкаў на самай справе існуе – толькі за люты па раёну не было пералічана 11 млн. руб. з 45 патрэбных. Як гэта пераіначыць? Выязджаць на месца працы абавязанага і за невыкананне адпаведнай судовай пастановы прымяняць штраф да кіраўніцтва да 8 базавых велічынь.
Як станоўчы факт падкрэсліў, што колькасць прагулаў абавязанымі асобамі ў раёне зніжаецца па гадах. І ў цэлым праводзімую работу па выкананню Дэкрэта, у параўнанні з папярэднімі праверкамі мінулых гадоў, прызнаў здавальняючай у раёне.
Ірына ВАСІЛЬЕВА.