Нават у зімовыя месяцы не спынялася работа па навядзенню парадку на зямлі і ўключэнню ў сельскагаспадарчы абарот усё новых і новых гектараў невыкарыстоўваемых раней плошчаў – так званых няўдобіц: забалочаных нізін, хмызняковых зараснікаў на палях і паблізу іх, зямельных участкаў на месцах пакінутых людзьмі селішчаў і адзічэлых садоў. У авангардзе гэтых работ сярод арганізацый раёна знаходзіцца Хойніцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм – менавіта на яго долю прыпадае найбольшы аб’ём асвоеных на гэтыя мэты сродкаў.
Аб выніках першага квартала года расказвае дырэктар ПМС Валерый Уладзіміравіч Іванюценка.
За тры першыя месяцы года работнікамі прадпрыемства меліярацыйных сістэм выканана работ на суму 1 мільярд 635 мільёнаў рублёў. У першым квартале мінулага года гэтая лічба была роўнай 970 мільёнам рублёў. Вялікую ўдзельную вагу ў гэтым аб’ёме (55 %) займаюць культуртэхнічныя работы. Напрыклад, у завяршаючую фазу ўступілі яны на месцы былога малішаўскага сада агракамбіната «Віць». Там спілаваны ўсе дрэвы, выкарчаваны пні, праведзена дыскаванне і планіроўка глебы. Ужо на наступным тыдні сельскагаспадарчыя ўгоддзі агракамбіната «Віць» на гэтым месцы прырастуць новымі 40 гектарамі ворыва.
Немалы фронт работ плануецца выканаць і на тэрыторыі Езапоўскай малочнатаварнай фермы, а таксама ў гэтым населеным пункце. Зараз ліквідуюцца дзесяцігоддзямі стаяўшыя цагляныя руіны былых будынкаў, неэксплуатуемыя сіласна-сянажныя траншэі, раскарчоўваюцца сады, дыскуюцца і выраўноўваюцца землі, зносяцца пакінутыя селішчы ў вёсцы Езапоў. Такія ж работы поўным ходам вядуцца і ў Дворышчы.
Многае зроблена ў пачатку вуліцы Сялянскай горада – тут таксама выкарчаваны ўвесь хмызняк, вядзецца будаўніцтва новага меліярацыйнага канала і двух вадаёмаў (па абодва бакі аўтатрасы) для скіду вод. Усяго на гэтым участку будзе акультурана і ўключана ў севазварот 200 гектараў зямель.
Работы па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм вядуцца адразу на некалькіх участках. Гэта – рэканструкцыя цэнтральнага (яго мы называем Вялікім) меліярацыйнага канала з боку Брагінскага раёна і да будынка Дзяржаўтаінспекцыі – тут з агульнай працягласці 14 кіламетраў работы ўжо выкананы на 8 км; рэканструкцыя канала каля завода гідраапаратуры, які даўно ўжо зарос, заглеіўся і даўно патрабаваў прыкладання чалавечых рук.
Добры станоўчы эфект павінна даць і пракладка аўтадарогі ўздоўж канала ад Клівоў да Куравога – яна вельмі патрэбна сельгаспрадпрыемствам і жыхарам навакольных вёсак. На гэтым участку нашы меліяратары выконваюць увесь комплекс работ: падсыпку, укладку шчэбеню, планіраванне і трамбоўку.
Яшчэ адзін важны і адказны ўчастак работы, на якім заняты нашы людзі – супрацьпажарныя мерапрыемствы на землях Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў Брагінскім раёне. У лясных масівах мы пракладваем супрацьпажарныя палосы (таксама з выкананнем поўнага комплексу работ – валка дрэў, іх тралёўка, раскрыжоўка і раскарчоўка), а на тарфяніках ажыццяўляем работы па іх падтапленню, таксама ў мэтах недапушчэння пажараў на гэтых плошчах.
Прайшло толькі тры месяцы года, а наперадзе нас чакаюць рэканструкцыйныя работы на меліярацыйных сістэмах эксбазы «Стралічава» (прамыўка старых каналаў і ўкладка новага дрэнажу ў раёне былой вёскі Іванаўка) і сельгаспрадпрыемства «Веляцін» (такія ж работы на ўчастку паміж Паселічамі і Карчовым), хапае іншых вытворчых планаў і заданняў. Адпаведна і людзі ў калектыве настроены на вялікую і стваральную работу.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.