У апошнія гады меліярацыя ў нашай краіне атрымала новы магутны імпульс да развіцця. І, як вынік гэтага, зараз у Беларусі ў сельскагаспадарчы абарот уключаюцца ўсё новыя і новыя землі на месцы былых балот і няўдобіц, на якіх ужо каласяцца буйныя нівы. Свой дастойны ўклад у справу пераўтварэння роднага краю ўносяць і хойніцкія меліяратары. Аб тым, з якім настроем сустракаюць яны сваё прафесійнае свята, расказвае дырэктар РУП «Хойніцкае прадпрыемства меліярацыйных сетак» Валерый Уладзіміравіч ІВАНЮЦЕНКА.
У цэлым жа, падводзячы вынікі работы за пяць месяцаў бягучага года, можна адзначыць, што гэты перыяд быў для нашага працоўнага калектыву плённым і выніковым. У мінулым месяцы завяршылі работы на адным з нашых самых буйных аб’ектаў – рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Віць» – Тур’я” на ўчастку каля в. Куравое, на якім асвоілі 1мільярд 202 мільёны рублёў. Многа зроблена і на месцы былога Малішаўскага сада – тут мы перадалі сельгасвытворцам яшчэ 40 гектараў ворыва. Вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванню выкананы на Езапоўскай малочнатаварнай ферме, культуртэхнічных работ – у раёне вул. Сялянскай райцэнтра, супрацьпажарных мерапрыемстваў – у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
У гэтым годзе нас чакае рэканструкцыя меліярацыйных сістэм эксбазы «Стралічава», КСУП «Веляцін», імя Мележа вызначаны вялікі аб’ём аграмеліярацыйных работ. Працоўны калектыў ПМС настроены на стабільную і плённую работу, для чаго ёсць усе перадумовы.
Напярэдадні прафесійнага свята з задавальненнем называю прозвішчы тых, на каго раўняюцца і хто служыць прыкладам. Гэта – бульдазерысты В.М. Амельчанка, Ф.У. Казмярчук і Л.М. Гапоненка, экскаватаршчыкі У.М. Здрок, М.А. Філіпчанка, А.Л. Цэйка і А.В. Пінчук, руславыя рэманцёры М.С. Назаранка, Г.П. Бабір і Я.Г. Усольцаў. Віншую іх, а таксама ўсіх астатніх работнікаў ПМС і нашых дарагіх ветэранаў вытворчасці са святам і жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, вялікага асабістага шчасця.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.