Беларусь турыстычная: горад Гродна

Наши проекты

Расказвае Кацярына Пятруненка:
– Чэрвень бягучага года запоўніўся паездкай у Гродна. Трапіла я туды дзякуючы камандзіроўцы.
Гродна – адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, дзе захавалася большая частка старадаўняй забудовы, а дзякуючы змешванню розных культур і канфесій ён вылучаецца адмысловым зачараваннем.
Цэнтр Гродна з’яўляецца архітэктурным запаведнікам: на плошчы звыш 300 гектар размешчана больш за 400 будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць.
Дарэчы, у гістарычным цэнтры горада Гродна пятнаццаці вуліцам вярнулі старадаўнія назвы, а ў пяці месцах з’явіліся турыстычныя стэнды з гісторыяй будынкаў. Цяпер госці і жыхары горада могуць вывучаць мінулае,не заходзячы ў музеі. А там, дзе сучасныя назвы захавалі, побач з імі на дамах у пачатку і ў канцы вуліцы павесілі шыльды з ранейшымі назвамі.
Прагуляліся мы па вуліцы Савецкай, самай, пэўна, старэйшай у горадзе. Вуліца гэтая пешаходная, брукаванне яе выканана ў старадаўнім стылі. Уздоўж шмат магазінаў, кафэ, выступаюць вулічныя музыканты. Нават аўтамат з газіраванай вадой устаноўлены (як у савецкія часы), можна было папіць «Бураціна», «Дзюшэс», «Махіта», «Крэм-соду» і «Экстра-сітро».


Пабывалі таксама ў Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царкве. Яна – унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя ў Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропе. Каложская царква не падобная ні на адзін храм у свеце. Праваслаўная святыня, гісторыя якой налічвае ўжо дзевяць стагоддзяў, уключана ў папярэдні спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дакладная дата пачатку будаўніцтва невядомая, але мяркуюць, што мураваная царква на крутым беразе ракі Нёман у Гродна была ўзведзена ў 1140-1170 гады.
Не перадаць словамі ўсю прыгажосць і манументальнасць сабора Святога Францыска Ксаверыя 1647 года. Яго яшчэ называюць Фарным касцёлам і па праву лічаць візітнай карткай горада. Самай галоўнай славутасцю Фарнага касцёла з’яўляецца драўляны алтар. Яго вышыня роўная сямі паверхам будынка. Алтар упрыгожваюць 20 рэдкіх, тонка выкананых фігур апосталаў, мецэнатаў і святых. Алтар, створаны яшчэ ў 1736 годзе, выглядае мармуровым, аднак зроблены з дрэва і таніраваны. Унікальная праца, пышная разьба, неверагодная фантазія… Не менш унікальным з’яўляецца і маятнікавы гадзіннік, які знаходзіцца на адной з вежаў. Доўгі час лічылася, што ён выраблены ў XVII стагоддзі. Але не так даўно гісторыкі ўстанавілі, што гадзіннік на Фарным касцёле ў Гродне старэй нават знакамітага гадзінніка ў Празе. І ў ім цалкам захаваны старадаўні механізм, а ў Празе ён заменены на сучасны.
Наведалі абласны драматычны тэатр. І, канешне, мы не змаглі абмінуць Стары і Новы замкі. Яны ўзвышаюцца на двух вялікіх пагорках, адкуль адкрываецца дзівосны від на Нёман. Наведалі і старадаўнюю Аптэку-музей. Яна адзіная ў нашай краіне.
Ніколькі не пашкадавала, што паехала ў Гродна. Эмоцыі, атрыманыя ад паездкі, таго каштавалі.

Вольга БЕЛАШ.
Фота Кацярыны Пятруненка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *