Уражанні першыя якія, спецыялісты маладыя?

Тэрыторыя моладзі

md_imageТаццяна Дзюдзялова, настаўніца Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ:
– Я мясцовая – хайнічанка. Рада была вярнуцца на малую радзіму пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага каледжа, дзе набыла спецыяльнасць «Настаўнік пачатковых класаў і кіраўнік экалагічнага гуртка». Дарэчы, закончыла яго з чырвоным дыпломам, там актыўна займалася валанцёрскай дзейнасцю. Зараз я – класны кіраўнік 1 класа, у якім 5 вучняў. Мы ўжо паспелі пасябраваць. Рабяты  вельмі цікаўныя і ўважлівыя на ўроках. Імкнуся падаваць ім вучэбны матэрыял у даступнай форме. Пакуль усё атрымліваецца. Складанасцей асаблівых няма, толькі пры афармленні рознай дакументацыі. Але калегі заўсёды ахвотна дапамагаюць, падказваюць ды і наогул маральна падтрымліваюць. Асабліва я ўдзячна дырэктару школы Г.А. Васяновіч і намеснікам Н.В. Санько і С.А. Жураўскай.
Жыву ў Хойніках, штодзень да месца работы дабіраюся на школьным аўтобусе альбо на спадарожнай машыне. Мяне гэта задавальняе, жыць пастаянна ў вёсцы   Глінішча не планую. Працягваю навучанне, толькі ўжо на псіхолага, на завочным аддзяленні Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.
У цэлым уражанні толькі станоўчыя, работа падабаецца, таму што выбар будучай прафесіі быў асэнсаваны.

 

Глэда Сушчэня, настаўніца Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ:
– Родам я з вёскі Дубровіца, жыву ў Хойніках, а працую ў Глінішчы – вось такое жыццёвае падарожжа праз увесь раён атрымалася. Вучылася ў Партызанскай школе, займалася вакалам і народнымі танцамі. Яшчэ са школьнай парты вельмі люблю гісторыю: даведвацца аб тым як жылі нашы продкі, аб значных падзеях і асобах.
Вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «настаўнік сацыяльна-гуманітарных навук» атрымала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны.  У школе выкладаю тры прадметы: гісторыю, грамадазнаўства і рускую мову. Гэта не ў цяжкасць, а нават наадварот: я задаволена такой нагрузкай, прынамсі, усё атрымліваецца паспяваць. Прыемна, што вучні адносяцца да маладых настаўнікаў з павагай. Хаця я лічу, што многае залежыць ад самога педагога, важна сябе першапачаткова правільна паставіць. Імкнуся быць у меру і добрай, і строгай, як кажуць, працаваць па прынцыпу «пугі і перніка». З задавальненнем пераймаю вопыт калег, удзячна за падтрымку з боку кіраўніцтва школы і настаўнікаў К.П. Бондар і Л.І. Рубан. У мяне добры настрой, аптымістычныя планы на будучыню. І наогул я шчаслівая – у мяне ёсць мая любімая дачка Мілана, якая нядаўна пайшла ў дзіцячы садок.

 

Раман Харошка, аграном КСУП імя Мележа:
– Нарадзіўся я ў Вялікім Боры, але воляй лёсу давялося змяніць месца жыхарства – пераехаў у вёску Слабажанка. Ужо тут закончыў мясцовую школу, пасля паступіў у Палескі аграрны каледж, што ў Калінкавічах, на спецыяльнасць «аграхімія». Разумею, што сельская гаспадарка – асноўная складаючая эканамічнага дабрабыту нашай краіны. Таму нацэлены старанна працаваць дзеля росквіту роднага сельгаспрадпрыемства, дзе, дарэчы, рабіў першыя прафесійныя крокі – працаваў трактарыстам. Работа агранома мне падабаецца, бо люблю зямлю, яна нас корміць. Пакідаць раён не планую, тым больш, што ўжо стварыў сям’ю, нарадзіўся сын Ванечка. Гэта яшчэ адзін стымул працаваць аддана –  каб мець добры заробак дзеля дабрабыту маёй сям’і.
За першы месяц работы самыя прыемныя ўражанні атрымаў ад надзвычай цёплай атмасферы, створанай у калектыве, без якой немагчыма ўдалая арганізацыя працоўнага працэсу. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці за дапамогу ў практычным асваенні прафесіі адрасую галоўнаму аграному М.М. Бондару.

 

Апытвала Вікторыя МАРОЗ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *