Сёння спаўняецца 69 гадоў з таго светлага дня, калі войскі Чырвонай Арміі ачысцілі хойніцкую зямлю ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Гэтай векапомнай і радаснай весткі жыхары раёна чакалі вельмі доўга: два гады і амаль тры месяцы – з 25 жніўня 1941 года горад наш і вёскі Хойнікшчыны знаходзіліся пад уладай захопнікаў.
На тэрыторыі Хойніцкага раёна ў час акупацыі дзейнічалі чатыры партызанскія атрады: асобны Хойніцкі атрад (камандзір – І.М. Тэйкін, камісар – П.П. Домнікаў), асобны атрад імя Катоўскага (яго першымі камандзірам і камісарам былі браты Сцяпан і Фёдар Філіпенкі), асобны атрад імя Суворава (яго ўзначальваў К.Т. Сацура, камісар – М.Ф. Снягір) і асобны атрад імя Чапаева (першы камандзір – В.Р. Карась, камісар – Ф.Р. Рудчанка). На баявым рахунку гэтых фарміраванняў народных мсціўцаў – разгромленыя нямецкія гарнізоны ў населеных пунктах раёна, дыверсіі на важнейшых камунікацыях ворага, выбухі на электрастанцыях і рэйкавых шляхах. Адным словам, зямля гарэла пад нагамі акупантаў, і ні ў адным месцы на нашай зямлі, ні ў адну хвіліну яны не маглі адчуваць сябе спакойна.
Вялікую дапамогу партызанам і воінам Чырвонай Арміі аказвалі і хойніцкія падпольшчыкі. Першым арганізатарам партыйна-камсамольскага падполля быў першы сакратар падпольнага райкама партыі Павел Пракопавіч Домнікаў. А пасля яго гібелі ў снежні 1941 года падпольную групу ў Хойніках узначаліў Яўгеній Іванавіч Казачук. Хойніцкае падполле яб’ядноўвала ў сваіх радах многіх маладых патрыётаў, якія паўсталі на барацьбу з ворагам з усёй шчырасцю і гарачай нянавісцю іх маладых сэрцаў.
Нам, сённяшнім пакаленням, якія стрэлы і выбухі чулі толькі ў кіно, цяжка выразна ўявіць і адчуць ступень іх адвагі і бясстрашнасці. У цяперашні час мы бавім вечары каля тэлевізара альбо камп’ютэра, пацягваючы гарачую каву або халоднае піва. А ў тыя далёкія і страшныя гады нашым равеснікам таксама хацелася спакою і ўтульнасці. Але гэтыя мужныя юнакі і дзяўчаты разумелі: над родным краем навісла смяротная небяспека, і яны павінны рабіць усё для таго, каб ліквідаваць яе. І таму, смяротна рызыкуючы быць расстралянымі на месцы, яны клеілі начамі рукапісныя лістоўкі, у якіх расказвалася аб сапраўдным становішчы спраў на фронце, арганізоўвалі дыверсіі на стратэгічна важных для немцаў аб’ектах, забяспечвалі народных мсціўцаў неабходнымі медыкаментамі і дакументамі нямецкіх акупацыйных улад, прадуктамі харчавання і вопраткай. А яшчэ – дэманстравалі хайнічанам савецкія кінафільмы, схілялі да пераходу да партызан славакаў з раскватараваных у горадзе і навакольных вёсках часцей, праводзілі іншыя, як зараз прынята казаць, акцыі, якія набліжалі нашу перамогу.
На жаль, не ўсім ім давялося дажыць да вызвалення. Па даносу здраднікаў дзесяткі патрыётаў былі арыштаваны, і толькі за адзін вечар 30 кастрычніка 1942 года фашысты расстралялі 60 камуністаў і камсамольцаў – актыўных удзельнікаў падпольнай арганізацыі. Нездарма напісаная пасля вайны Аляксандрай Захарэнка дакументальная аповесць аб гераічнай дзейнасці хойніцкіх падпольшчыкаў так і называецца – «Сказ пра 60 адважных».
Але не кожны знойдзе яе сёння на сваіх кніжных паліцах. А вось кніга «Памяць. Хойніцкі раён» маецца у многіх сем’ях. У ёй таксама падрабязна расказваецца аб подзвігу нашых мужных землякоў – партызанаў і падпольшчыкаў. Не палянуйцеся і дзеля іх светлай памяці яшчэ раз перачытайце ў гэты вечар яе старонкі. Перачытайце і ўспомніце ўдзячным словам іх – добрых, смелых і назаўсёды маладых.
Віктар НАЗАРАНКА.