Таленавіта «намудрылі»


Мясцовы народны тэатр парадаваў хайнічан пастаноўкай, асновай якой стала  п’еса М.Я. Матукоўскага «Зомбі, альбо Мудрамер-2». Тэатральны «кактэйль» пад такой назвай паспрабавалі на смак гледачы ў раённым Доме культуры ў мінулую пятніцу.



Сітуацыі, таленавіта расказаныя артыстамі самадзейнасці, нам добра зразумелыя і цікавяць гледачоў вечнымі тэмамі: пошукамі праўды ў сучасным свеце, маёмаснай няроўнасцю і сацыяльнай справядлівасцю.



Цяпер «мудрамер» – прыбор вынаходніка Мікалая Іванавіча Мурашкі, мае больш дасканалыя опцыі і можа не толькі праверыць у любога каэфіцыент інтэлекту, але і знайсці шпіёнскія «жучкі», прышпіленыя ці то нямецкімі, ці то японскімі спецслужбамі. Мудрамер зараз нават здольны прымусіць чалавека спяваць ? вось і даводзіцца героям зацягваць «Інтэрнацыянал» і «Широка страна моя родная», пераўтвараючыся ў бязвольных зомбі.



Прыемна, што «Зомбі» не першая, і, спадзяёмся, не апошняя пастаноўка хойніцкага народнага тэатра на беларускай мове. Па словах яго кіраўніка і рэжысёра Аляксея Васільевіча Сярмяжкі, рэпертуар тэатра будзе і надалей прытрымлівацца такога напрамку. Падрыхтоўка да пастаноўкі спектакля заняла ў калектыва больш за паўгода, а святкаванне гадавіны вызвалення Хойнікшчыны стала добрай нагодай для таго, каб прадэманстраваць аматарам тэатра вынік гэтай калектыўнай працы самадзейных артыстаў.
Трэба адзначыць, што роля навукоўцы Мікалая Іванавіча Мурашкі шчаслівая для яе выканаўцаў на прафесійнай і самадзейнай сцэне. Напрыклад, артыст Купалаўскага тэатра Генадзій Аўсяннікаў у 1988 годзе за яе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Вялікае прызнанне крытыкаў і гледачоў атрымаў вобраз Мурашкі, які на кінаэкране ўвасабіў Браніслаў Брандукоў. А ў гэтай прэм’ернай пастаноўцы хайнічан удала выканаў ролю сціплага і геніяльнага вынаходніка мастак раённага Дома культуры Алег Базулька.
Ды і ўся трупа народнага тэатра парадавала гледачоў майстэрствам і натхнёнасцю. На сцэне не проста выконвалі ролі, а па-сапраўднаму жылі А.В. Сярмяжка, М.І. Кабанькоў, К.А. Арэшкіна, Т.В. Шлёг, А.М. Караткевіч, С.А. Кавалёў, В.У. Маслак, А.І. Прыц, Л.А. Смольская, В.Д. Шляхценка, Д.В. Яновіч.



Чакаем новых прэм’ер і новых сустрэч. 



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *