Звяртаюцца – паслугамі карыстаюцца

Гандаль і абслугоўванне

Звяртаюцца – паслугамі карыстаюцца



Імклівы час напаўняе наша жыццё рознымі тэхнічнымі ноу-хау, «закідваючы» рэчы з мінулага пыліцца на антрэсолі. Сёння толькі адзінкі карыстаюцца друкаванымі машынкамі і касетнымі магнітафонамі. Таму калі я ўбачыла лічыльнікі (па-руску – «счёты») на стале ў загадчыцы Паселіцкага комплексна-прыёмнага пункта КБА, настальгія захлынула свядомасць.


Тамара Арсенцьеўна карыстаецца гэтай, на яе погляд вельмі зручнай, чатырохкутнай рамай з пруткамі, на якіх нанізаны рухомыя драўляныя косткі, па звычцы. Не падумайце, у яе ёсць сучасная лічыльная тэхніка для абслугоўвання наведвальнікаў, але «драўляны калькультар» прыкіпеў да душы. На мой погляд, яго наяўнасць сімвалічна – прамы намёк на вопыт.



Тамара Арсенцьеўна Амельчанка мясцовая жыхарка. Амаль 20 гадоў працавала поварам у паселіцкай сталовай камбіната грамадскага харчавання, а  потым дыспетчарам у сельгаспрадпрыемстве. На комплексна-прыёмным пункце абслугоўвае жыхароў ужо адзінаццаць гадоў. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але мае сілы і жаданне працаваць і надалей. Аднавяскоўцы любяць да яе заходзіць, асабліва пасля атрымання зарплат і пенсій. Па-першае, тут вялікі асартымент тавару – ад пасцельнай бялізны і ручнікоў, пашытых на нашым камбінаце бытавога абслугоўвання (якія, дарэчы, карыстаюцца вялікім попытам), да жалезных і пластмасавых вёдраў і керамічнага посуду. Ды і месца размяшчэння пункта зручнае – у будынку сельсавета, насупраць пошты. Ідуць людзі плаціць за камунальныя паслугі, класці грошы на тэлефон або атрымліваць пенсію – ды і заглянуць у невялікі пакойчык да Тамары Арсенцьеўны. Яна заўсёды ветліва сустрэне, прапануе, падкажа.



Не толькі за пакупкамі сюды прыходзяць вяскоўцы, але і каб скарыстацца неабходнымі паслугамі: аформіць заказ на рамонт абутка і адзення, здаць рэчы ў хімчыстку, запісацца да выязнога цырульніка і інш. Безумоўна, такога ажыятажу, як у ранейшыя, дачарнобыльскія часы, калі ў паселіцкім КБА амаль увесь раён шыў сабе сукенкі, цяпер няма. Яно і зразумела – час унёс свае карэктывы. Але ўсё роўна комплексна-прыёмныя пункты імкнуцца ствараць пэўныя даброты для сельскіх жыхароў і ва многім ім гэта ўдаецца.
Адзін з апошніх заказаў, аформленых Т.А. Амельчанка, здача пледа ў хімчыстку. Яна прыняла заяўку, затым перанакіравала яе ў КБА. Паколькі адпаведная ўстанова ў Хойніках адсутнічае, звяртаюцца да спецыялістаў у абласны цэнтр. Заказчыцы мыццё пледа абышлося ў 48 тысяч рублёў. Нярэдка звяртаюцца, каб адрамантаваць адзенне – уставіць «маланку»  або нешта падкараціць. Спектр прадастаўляемых паслуг шырокі, але не ўсе яны папулярныя ў жыхароў вёскі па розных прычынах, у тым ліку і з-за наяўнасці ўласных аўтамабіляў, пральных і швейных машынак.



Працуе комплексна-прыёмны пункт з 9.00 да 13.00. Але, зразумела, што ў вёсцы адзін аднаго ўсе добра ведаюць, таму  пры экстраннай неабходнасці, да прыкладу, калі трэба набыць рытуальныя вырабы, Тамара Арсенцьеўна гатова прыйсці ў любую хвіліну.
Адказнасцю і ветлівасцю вызначаецца і загадчыца КПП камбіната бытавога абслугоўвання ў суседнім аграгарадку Веляцін – Любоў Васільеўна Лямешка. Маладая жанчына працуе менш года, але ўжо асвоілася ў новай прафесіі.



У час прывозу тавараў веляцінцы і жыхары бліжэйшых вёсак нават выстройваюцца ў чаргу. Першае, што іх прываблівае, – гэта якасць вырабаў. Асабліва да спадобы пасцельная бялізна вытворчасці КБА і керамічны посуд.



Любоў Лямешка жыве ў Карпілаўцы, па дарозе на работу або вяртаючыся дамоў, заходзіць да людзей, цікавіцца попытам і інфармуе аб новых паступленнях.



У пераліку аказваемых паслуг – рамонт і індывідуальны пашыў швейных вырабаў, паслугі транспарту, цырульніка, мыцця бялізны, прыём заказаў у хімчыстку, выраб рытуальных прыналежнасцей. У ліку самых запатрабаваных – рамонт адзення і рытуальныя паслугі. Напэўна, адзінае, што засмучае наведвальнікаў, – гэта адсутнасць ацяплення ў будынку, дзе знаходзіцца пункт (там раней размяшчалася кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства).



Комплексна-прыёмныя пункты –  своеасаблівыя звязуючыя паміж вёскай і райцэнтрам, якія дазваляюць вяскоўцам карыстацца паслугамі нароўні з гарадскімі жыхарамі.



Наталля Чэкан.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *