Назарчук – лепшая маладая сям’я Хойнікшчыны

Главное Культура

Сям’я Ігара і Лідзіі Назарчук заняла першае месца ў раённым конкурсе «Лепшая маладая сям’я Хойнікшчыны-2018», які прайшоў на мінулым тыдні ў Цэнтры культуры г. Хойнікі.

Сёлетні конкурс праводзіўся ў межах святкавання Дня ўтварэння Хойніцкага раёна, а таксама Года малой радзімы. Яго мэтай з’яўляецца павышэнне прэстыжу сям’і ў сучасным грамадстве, павышэнне культуры шлюбна-сямейных адносін і ўмацаванне сямейных традыцый.

У глядзельнай зале Цэнтра культуры г. Хойнікі было па-сямейнаму цёпла: сабраліся сем’і-ўдзельніцы, іх родныя, сябры, калегі. У конкурсе ўдзельнічалі тры сям’і: Аляксандр і Ларыса Савіцкія, Андрэй і Людміла Грыгор’евы з дачкой Аміліяй, Ігар і Лідзія Назарчук з пляменніцай Дар’яй. Усіх іх аб’ядноўвала вера, надзея, любоў – тры апоры, на якіх трымаецца сям’я.

Удзельнікаў чакала насычаная конкурсная праграма. Кожная сям’я павінна была аформіць творчую выстаўку, якая б адлюстроўвала іх жыццё і побыт, прадэманстраваць эрудыцыю ў інтэлектуальнай віктарыне з каверзнымі пытаннямі вядучых, бліснуць талентамі, падрыхтаваць візітную картку і відэапрэзентацыю, якія б дапамаглі членам журы і гледачам лепш пазнаёміцца з імі.

Інтрыга конкурсу – хто ж выйдзе ў пераможцы – захавалася да самага фіналу. Усе ўдзельнікі годна абаранялі гонар сваіх прозвішчаў.

Члены журы, выстаўляючы адзнакі па пяцібальнай сістэме, з задавальненнем выводзілі ўсім пяцёркі і чацвёркі.

І вось надышоў хвалюючы момант: вынікі абвясціла намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская. Па суме набраных балаў переможцам раённага конкурсу «Лепшая маладая сям’я Хойнікшчыны-2018» стала сям’я Назарчук з Хойнік. Усе сем’і атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *