Рэканструкцыя малочнатаварных ферм – працэс, неабходнасць якога падказвае само жыццё. Для таго каб атрымліваць больш прадукцыі жывёлагадоўлі і няўхільна павышаць яе якасць, патрэбна не толькі ўкараняць новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлю, але і элементарна нарошчваць пагалоўе і дойнага статка, і жывёлы на адкорме БРЖ. Але зразумела, што папаўняць пагалоўе неабходна здаровым і дужым маладняком, таму праблема яго захаванасці сёння з’яўляецца адной з галоўных у жывёлагадоўчай галіне.
З усёй адказнасцю да яе вырашэння ставяцца ў сельгаспрадпрыемстве «Велікаборскі». Расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Жанна Аляксандраўна Іванюценка.
А вось на папячэнні Святланы Міхайлаўны Сачанка ў стацыянарным цялятніку ў станках (да 5 жывёлін) знаходзіцца 120 цялят узростам да 3 месяцаў. Потым маладняк, які дасягнуў узросту 6 месяцаў, мы раздзяляем на бычкоў і цёлачак.
Па словах Жанны Аляксандраўны, яшчэ ў мінулым годзе на Велікаборскай малочнатаварнай ферме існавала праблема недахопу жывёлагадоўчых памяшканняў, а вялікая скучанасць ніколі не спрыяла здароўю маладняку, хутчэй, наадварот, пры гэтым узнікалі ўсе перадумовы для хуткага распаўсюджвання хвароб і інфекцый. Выйсце было знойдзена мінулым летам – у гаспадарцы вырашылі выгарадзіць прасторную кашару на месцы невыкарыстоўваемага зараз былога аэрадрома. Зрабіць гэта дазваляў і заманлівы рэльеф мясцовасці: роўнае ўзвышша, якое не пагражала падтапленнем і высокім узроўнем грунтовых вод. Усе работы ўзялі на сябе рабочыя ўласнай будаўнічай брыгады, добра дапамаглі і гарадскія шэфы – работнікі аўтарамонтнага завода. І ўжо зімоўку гэтага года цёлачкі злучнога і перадзлучнога ўзросту правялі на новай кашары. Насуперак апасенням, жывёла перазімавала выдатна, без хвароб і эпідэмій. Гэтаму спрыялі і дастатковая колькасць кармоў, і глыбокая саламяная падсцілка, якая пастаянна ўзнаўлялася. Канешне, галоўная заслуга ў гэтым – выдатная работа жывёлаводаў Пятра Мікалаевіча Кашперкі, Аляксандра Аляксандравіча Белага і Васілія Аляксандравіча Каранякі. Мужчыны працуюць пазменна, па двое, і хаця асноўны працэс кормараздачы ажыццяўляецца механізавана (пры дапамозе «Хозяина»), работы і абавязкаў за працоўную змену ў іх хапае: паспрабуйце ўсачыць адразу за 340 цёлачкамі. Тым не менш, вынікі гавораць самі за сябе: сярэднясутачныя прывагі на гэтым участку і для гэтага ўзросту вагаюцца ў межах 700 грамаў. Летам жа, з пераходам на высокакаларыйны зялёны корм, тут плануюць штосутачна атрымліваць і па кілаграму прываг. Так што, мяркуючы па ўсяму, дойны статак у сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Велікаборскі» чакае выдатнае папаўненне.
Віктар НАЗАРАНКА.