Сустрэчу, якая прайшла ў мінулы аўторак у зале Судкоўскага сельскага Дома культуры, не назавеш афіцыйным і пратакольным мерапрыемствам. У другі дзень красавіка для шчырай і зацікаўленай размовы з кіраўніцтвам раёна тут сабраліся механізатары гаспадарак – тыя, каму, напэўна, ужо на наступным тыдні давядзецца на сваіх магутных трактарах выйсці ў поле і закласці падмурак будучага ўраджаю.
І майстэрства, і жадання нашым механізатарам не займаць, што не раз яны даказвалі на справе. Толькі мала ўжо сёння адной працавітасці, патрэбны вопыт і веды, без якіх не абысціся і на падрыхтоўцы глебы, і непасрэдна на самой сяўбе. Таму і звярнуўся А.І. Ціток да прадстаўнікоў механізатарскай эліты раёна, якія прысутнічалі на гэтай сустрэчы, з заклікам адпрацаваць гэтую гарачую красавіцкую дэкаду так, каб потым, калі ўздымуцца ўсходы, нам усім не было сорамна за вынікі гэтай працы. «Лічыце гэта маёй асабістай просьбай», – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
А яшчэ растлумачыў кіраўнік раёна (дарэчы, сам аграном па адукацыі) важнасць захавання тэрмінаў сяўбы. Па падліках спецыялістаў, расцягнутасць пасяўной кампаніі пагражае стратамі да 40% ураджаю. Напрыклад, поспехаў дабіваюцца хлебаробы Мазырскага раёна, дзе землі менш урадлівыя, чым нашы (27 бала-гектары супраць нашых 32) і дзе летась ураджайнасць склала 34 ц/га (у нас – 28 ц/га). Сакрэт – у аптымальных тэрмінах сяўбы, высакаякасным насенні (эліта і І рэпрадукцыя), належнай якасці выканання работ. Таму і прыбыткі гаспадарак там вышэй, чым у нас. Каб лепш жыць, патрэбна і лепш (а дакладней, эфектыўней) працаваць. Дарэчы, і мы з будучага года таксама будзем сеяць насеннем не ніжэй першай рэпрадукцыі.
Асаблівую ўвагу акцэнтаваў кіраўнік раёна на захаванні нормы высявання насення, эканамічна абгрунтаваным і прадуманым размяшчэнні пасеваў сельскагаспадарчых культур, рацыянальным выкарыстанні гаруча-змазачных матэрыялаў.
«Зараз усё гатова да пачатку сяўбы – і тэхніка, і насенне, і ўгнаенні, распрацаваны і зацверджаны нормы выпрацоўкі, расцэнкі і ўмовы прэміравання, – сказаў на заканчэнне старшыня райвыканкама. – Засталося толькі настроіцца ўсім нам на нялёгкую, але плённую і выніковую работу».
У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар. У сваім выступленні яна звярнула ўвагу на важнасць прадуманай і разумнай арганізацыі пасяўных работ, падкрэсліўшы, што ў гэтай справе не існуе нязначных дробязей як у тэхналагічным плане, так і ў пытаннях забеспячэння належных санітарна-бытавых і ўмоў працы, інфарміраванасці механізатараў аб умовах аплаты і прэміравання, арганізацыі гарачага харчавання. «Усё павінна быць улічана», – адзначыла Галіна Віктараўна.