У канцы красавіка на рацэ Уць (Добрушскі раён) прайшоў адкрыты чэмпіянат і першынство вобласці па тэхніцы воднага турызму. Ад нашага раёна ўдзельнічала каманда аддзела ФКСіТ райвыканкама з ліку 14 рабят – наведвальнікаў гуртка па турызму. Спаборніцтвам папярэднічалі падрыхтоўка і ўдзел каманды г. Хойнікі ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па тэхніцы воднага турызму ў Барысаве, дзе яна набыла каштоўны вопыт.
Гэтыя спаборніцтвы ? своеасаблівы адбор у падрыхтоўцы да рэспубліканскага чэмпіянату по воднаму турызму, які пройдзе ў Гродзенскай вобласці на Аўгустоўскім канале, рэках Асташанка і Нёман.
А. ХАРЭЦКІ, кіраўнік гуртка па турызму ЦТДіМ.
На абласной спартакіядзе
На працягу двух дзён у Гомелі праходзіла абласная спартакіяда сярод сельскіх жыхароў, работнікаў аграпрамысловага комплексу па настольнаму тэнісу і гіравому спорту.
У паядынках па настольнаму тэнісу ўдзельнічала 18 каманд з раёнаў вобласці. Наша каманда заняла чацвёртае месца, прайграўшы толькі адну гульню сваім сапернікам з Лельчыц.
Вынік добры. І прынеслі яго раёну настаўніца пачатковых класаў Паселіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Лапцева і трэнер-метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Хойнікі Андрэй Харэцкі.
У залатой сярэдзіне, заняўшы адзінаццатае месца, апынуліся і нашы гіравікі. А ўвогуле з пройдзеных трох відаў абласной спартакіяды каманда нашага раёна займае трэцяе месца.
У. ВЯРГЕЙЧЫК, дырэктар Хойніцкага фізкультурна-спартыўнага клуба.
Фінал чэмпіянату
Адбыліся фінальныя гульні чэмпіянату Хойніцкага раё-на па міні-футболу сярод мужчынскіх каманд.
Гульня паміж камандамі ПДРЭЗ і ДЮСШ аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама закончылася з лікам 12:3 на карысць спартсменаў запаведніка. Былі яны мацнейшыя і ў сустрэчы з камандай «Дынама» – 10:8. З лікам 12:6 «Дынама» перамагла каманду ДЮСШ.
Прызавыя месцы размеркаваны наступным чынам. Першае месца за камандай ПДРЭЗ, яна стала ўладальніцай кубка чэмпіянату і залатога медаля. Другое месца – у ДЮСШ, трэцяй стала каманда «Дынама». Гэтыя дзве каманды таксама ўдастоены медалёў адпаведнай вартасці.
Д. РАМАНОЎСКІ, галоўны суддзя спаборніцтваў.