Радуе рапс азімы

Сельское хозяйство

Нельга не заўважыць, як прыгожа і дружна цвіце ў гэтыя майскія дні рапс – каштоўная сельскагаспадарчая культура, багатая бялком і мікраэлементамі, таму і незаменная ў вытворчасці камбікармоў.



А яшчэ з масланасення рапсу атрымліваюць харчовае і тэхнічнае масла, а рапсавы экстракт з’яўляецца адным з кампанентаў біяпаліва.
У нашым раёне ўсе гаспадаркі вырошчваюць азімы рапс, і сёлета ён перазімаваў намнога лепш, чым у два папярэднія гады. Зрэшты, пераканацца ў гэтым не цяжка: зірніце на здымак, на якім галоўны аграном эксбазы «Стралічава» Ігар Яўгенавіч Кліменка паказвае нам гэтае расліннае багацце. Такімі прыгожымі і, па ўсяму бачна, перспектыўнымі ў плане ўраджайнасці, пасевы рапсу самі не сталі.



Яшчэ з восені ў эксбазе правялі хімпраполку азімага рапсу, апрацавалі яго супраць аднагадовых шкодных раслін, вясной зрабілі дзве падкормкі і правялі інсектыцыдную апрацоўку супраць біялагічных шкоднікаў. І добрыя вынікі, як бачым, не прымусілі сябе чакаць.



Нядрэнныя вынікі па вырошчванню рапсу атрыманы і ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Усяго пасевы гэтай культуры ў раёне займаюць каля 4 тысяч гектараў, і ўсе гэтыя плошчы ўжо апрацаваны супраць шкоднікаў, а зараз гаспадаркі вядуць другую яго падкормку. Да таго, як пачаць уборку масланасення (а гэта, звычайна, першая палова ліпеня), яшчэ застанецца правесці ў пасевах фунгіцыдную апрацоўку супраць хвароб і апрацаваць стручкі раслін для таго, каб яны заўчасна не растрэскваліся.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *