СУБОТА


Спецыяльныя чарговыя званні  малодшага начальніцкага саставу  прысвоены 5 супрацоўнікам РАУС. Званне «прапаршчык міліцыі»  –  М.У. Марозу, «старшыня міліцыі; старшы  сяржант міліцыі» – сяржанту міліцыі М.У. Мележу; «сяржант міліцыі» – малодшаму сяржанту міліцыі Я.М. Кіц, міліцыянеру; «малодшы сяржант міліцыі» – радавым  міліцыі А.У. Гаўрылаву і М.С. Марозаву.


Узровень рэгіструемага беспрацоўя ў нашым раёне па стану на 1 чэрвеня сёлета склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. У службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні ў студзені-маі 2013 года звярнуліся 258 чалавек. На створаныя рабочыя месцы і наяўныя вакансіі працаўладкаваны 184 чалавекі. На прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі  накіравана 7 чалавек. Прадпрыемствы і арганізацыі раёна сёння гатовы прыняць на работу 183 чалавекі. Праўда, з агульнай колькасці вакансій 71,5% прызначаны для  рабочых.


Бяспека жыцця жыхароў горада і раёна – галоўная мэта,  якой служыць Дзяржаўтаінспекцыя РАУС.  На яе  ўзбраенні  новыя тэхнічныя сродкі, з мэтай фіксацыі парушэнняў правіл дарожнага руху зараз  ва ўсіх службовых машынах ДАІ ўстаноўлены відэарэгістратары. Дзяржаўтаінспекцыя працуе ў цеснай звязцы з філіялам № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс», на адрас кіраўніцтва прадпрыемства накіравана пісьмо-рэкамендацыя аб набыцці і ўстаноўцы відэарэгістратараў у пасажырскіх  аўтобусах.


Органам сацыяльнай абароны насельніцтва дзяржава аказвае пастаянную дапамогу дзеля забеспячэння жыццядзейнасці  адзінока пражываючых пенсіянераў на вёсцы. Сума ў 97 мільёнаў рублёў выдзелена з абласнога бюджэту  ТЦСАН  згодна з Дзяржпраграмай устойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Гэтыя сродкі накіраваны на рамонт электраправодкі,    пячнога ацяплення,  устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў  для  18 чалавек. 13 чэрвеня да асваення сродкаў прыступіў калектыў «ІнжЭнергаЭфект», які выконвае работы на дагаворнай падставе.


Тры чалавекі – культарганізатар цэнтра культуры г. Хойнікі Т.В. Карповіч, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Г.Я. Ярмоленка і валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.М. Шаўчэнка –  падрыхтавалі  для маленькіх чытачоў бібліятэкі  карыснае мерапрыемства на тэму здаровага ладу жыцця.
Антаніна Мікалаеўна правяла з дзецьмі цікавую і змястоўную гутарку наконт таго, як яны павінны паводзіць сябе ў час летніх канікул. Параіла захоўваць правілы асабістай гігіены, каб пазбегнуць інфекцыйных захворванняў у спякотны час лета, займацца спортам, адказала на пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак, узнікшыя ў час гутаркі.
 
Агратэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, разам з асноўнай работай – нарыхтоўкай кармоў для грамадскага пагалоўя, поўным ходам вядуцца ў гаспадарках нашага раёна. Галоўная ўвага пры гэтым удзяляецца  пасевам кукурузы. Падкормка праведзена на  3216 гектарах з запланаваных 10220 гектараў. У лідэрах – КСУП «Аравічы», дзе важны аграпрыём праведзены на плошчы  1015 гектараў.
Амаль усе сельгаспрадпрыемствы вядуць хімпраполкі  кукурузы, фунгіцыдную апрацоўку азімых і яравых збожжавых культур. 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *