Надзеі і перспектывы

Экономика

Надзеі і перспектывы



Працэс мадэрнізацыі вытворчасці на КВУП «Хойніцкі завод жалеза-бетонных вырабаў» пачаўся два гады назад. Тады, у 2011 годзе, мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне гэтага прадпрыемства былі асобным пунктам уключаны ў спіс мерапрыемстваў па сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпеўшых рэгіёнаў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гг.
Аб  тым,  як  рухаецца  працэс абнаўлення вытворчасці, якія магчымасці для працоўнага калектыву ён адкрые і аб перспектывах развіцця прадпрыемства расказвае  дырэктар завода Ганна Аляксандраўна ВАСІЛЕНКА.



– Неабходнасць мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей нашага прадпрыемства наспела даўно: зношанасць тэхналагічнага абсталявання па асобных пазіцыях дасягнула 75 працэнтаў. Адсюль – частыя паломкі, адсутнасць запчастак на ўстарэлыя лініі, перапынкі ў рабоце, што, безумоўна, негатыўна адбівалася на якасці выпускаемай прадукцыі. І толькі ўмелыя рукі нашых майстроў дазвалялі падтрымліваць вытворчасць у больш-менш «баяздольным» стане. Але ж усе гэтыя рамонты – таксама страты часу, непрадказальнасць сітуацыі, збоі ў рабочым рытме прадпрыемства.



Сёння мы выпускаем 80 кубаметраў бетону ў суткі, а пасля ўводу ў дзеянне новага бетона-змяшальнага цэнтра, а таксама новай італьянскай лініі па выпуску зборнага жалезабетону гэты паказчык узрасце больш чым у тры разы – да 225 кубоў. Палепшыцца якасць выпускаемай прадукцыі, пашырыцца яе асартымент. Напрыклад, мы атрымаем магчымасць выпускаць жалезабетонныя вырабы з рознымі тэхналагічнымі дабаўкамі, якія дазволяць зрабіць іх больш трывалымі, больш марозаўстойлівымі і інш. Новая камп’ютарызаваная лінія дазволіць выпускаць прадукцыю не толькі для прамысловага і сельскагаспадарчага будаўніцтва, але і панелі са зборнага жалезабетону для будаўніцтва жылля. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць значна пашырыць кола спажыўцоў нашай прадукцыі.



Па плану вытворчасці работ запуск новай лініі і бетона-змяшальнага цэнтра намечаны на канец бягучага года. Паралельна вядзём рамонтныя работы на вытворчых збудаваннях: абнаўляем дах і ўсталёўваем новае плітачнае пакрыццё на вонкавых сценах галоўнага вытворчага корпуса. Гэтымі работамі займаюцца спецыялісты нараўлянскага ТДА «БелКансалт-А», і кожны дзень на іх занята не менш чым два дзесяткі чалавек.
Уласнымі сіламі вядзём касметычны рамонт памяшканняў адміністрацыйна-бытавога будынка, добра дапамагаюць у яго правядзенні навучэнцы Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, якія праходзяць у нас вытворчую практыку.


Не спыняем і паўсядзённы вытворчы працэс. Адзначу, што ў гэтым годзе ў сувязі з узросшымі аб’ёмамі будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў жывёлагадоўлі ў сельскай гаспадарцы раёна вырас попыт на нашы пліты і перакрыцці. Дарэчы, з мінімальнымі стратамі рабочага часу плануем правесці і замену тэхналагічнага абсталявання. У сувязі з гэтым, дэмантажом старых тэхналагічных ліній будуць займацца нашы работнікі. А ўстаноўку і наладку новага абсталявання выканаюць спецыялісты Мазырскага домабудаўнічага камбіната. 



Мяркую, што з усяго сказанага вышэй можна зразумець, чаму з сёлетнім годам у нашым калектыве звязваюць асаблівыя надзеі і перспектывы.


Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *