Слабай быць сабе не дазваляла

Людзі і лёсы

Слабай быць сабе не дазваляла



На Хойнікшчыне ёсць нямала людзей, якія, будучы кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, унеслі вялікі ўклад у станаўленне і развіццё аграпрамысловага комплексу. І зараз гэтыя людзі служаць прыкладам для новага пакалення работнікаў сельскагаспадарчай галіны. Сярод іх – Соф’я Рыгораўна Пінчук, якая з 1986-га па 1990 год узначальвала калгас «Рассвет».



Калі прасачыць жыццёвы шлях С.Р. Пінчук, можна меркаваць, што ўсе пасады, якія яна займала, больш бы падышлі мужчыне, прычым з моцным, жалезным характарам. І сапраўды, для яе было ўласціва праяўленне валявых якасцей, напорыстасць у рабоце і строгасць як у адносінах да сябе, так і да сваіх падначаленых.
Бывае так, што не ты выбіраеш прафесію, а яна цябе. Соф’я Рыгораўна Пінчук пасля заканчэння ў 1963 годзе Партызанскай сярэдняй школы марыла стаць урачом, спрабавала паступіць у Віцебскі медыцынскі інстытут, але не хапіла для залічэння аднаго бала. А якраз  быў недабор у Краснабярэжскі саўгас-тэхнікум. Даведаўшыся аб гэтым, вырашыла скарыстацца такой магчымасцю. Тым больш, што з сялянскай працай знаёма з дзяцінства: бацькі трымалі сваю  гаспадарку.


А першы вопыт работы,  якой прысвяціла Соф’я Рыгораўна большую частку свайго працоўнага жыцця, атрымала ў калгасе імя ХХІІ з’езда КПСС Мазырскага раёна, куды была накіравана па размеркаванню. Пасля рэфармавання гаспадаркі была запрошана на работу ў саўгас «Прыпяцкі» Петрыкаўскага раёна, куды пераехала  ўжо з сям’ёй, атрымала кватэру. Тут адпрацавала 9 гадоў, завочна закончыла Мінскі інстытут народнай гаспадаркі па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне сельскай гаспадаркай». Тут жа перажыла і сямейную трагедыю – патануў муж. Аўдавела  Соф’я Рыгораўна ў 27 гадоў, маючы на руках двух маленькіх дзяцей. Магчыма гэтыя абставіны і паслужылі прычынай для вяртання на малую радзіму.
Хутка такая магчымасць прадаставілася. У саўгасе «Велікаборскі» стала працаваць на пасадзе галоўнага эканаміста.



У адзін з лютаўскіх дзён 1986 года Соф’ю Рыгораўну паклікалі ў райком партыі. Першы сакратар РК КПБ Д.М. Дземічаў прапанаваў ёй узначаліць калгас «Рассвет». Дзмітрый Міхайлавіч лічыў, што ў яе атрымаецца, і абяцаў ва ўсім дапамагаць, што і рабіў, будучы яе галоўным дарадцам ва ўсіх справах.                      



Што такое быць старшынёй калгаса? Уставаць раніцай, яшчэ ў прыцемках, быць усюды і бачыць усё, усюды паспяваць і ведаць тое, на што іншыя не звяртаюць увагі, а вечарам, падаючы ад стомленасці, намячаць на заўтрашні дзень чарговыя справы. Колькі б не даводзілася перарабіць спраў вялікіх і малых, вечарам неабходна было абавязкова зрабіць аб’езд палёў, ферм і іншых участкаў гаспадаркі, праверыць, што зроблена. А яшчэ ж і дома трэба што-небудзь схапіць, у сэнсе – зрабіць.



– Іменна схапіць: з раніцы нешта пакапаеш на градцы, – успамінае Соф’я Рыгораўна. – Калі ў абед выпадзе вольная хвілінка, зноў спяшаешся штосьці ўрыўкамі зрабіць дома. Асабліва клопатна было вясной. І тым не менш, едзеш міма палёў на золку, вакол – прыгажосць, пяшчотна-зялёныя пасевы ўсходзяць, салаўі спяваюць, цішыня супакойваючая… Душа радуецца, і зноў гатова цэлы дзень праводзіць у справах. Разумееш, што настолькі ўцягнулася ў гэты рытм, што калі раптоўна спынюся, то, напэўна, не змагу жыць спакойна, нечага будзе не хапаць…



 Нялёгкую ношу С.Р. Пінчук прыняла на свае плечы, валодаючы і неабходнымі ведамі, і дакладным бачаннем перспектывы. Прыняўшы ў свае рукі адну  з  самых  нерэнтабельных гаспадарак Хойніцкага раёна, якая мела перад дзяржавай мільёны рублёў запазычанасці, Соф’я Рыгораўна павінна была ў корані перабудоўваць псіхалогію працаўнікоў, якія не верылі ў паляпшэнне ўзроўню іх жыцця і дабрабыту. Душа хварэла за зямлю, якая стала ўжо роднай, за людзей, якія хацелі працаваць і былі вартыя лепшых умоў працы і жыцця. У першы час было так цяжка і страшна, што нават па начах снілася, як работа не ладзіцца, як усё разбураецца. А да таго ж давялося кіраваць гаспадаркай ва ўмовах, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, калі пачаўся масавы адток насельніцтва ў экалагічна чыстыя месцы. Пасля катастрофы на ЧАЭС вёска Паселічы – цэнтр калгаса – атрымала статус «з правам на першачарговае адсяленне», і тым, хто застаўся тут, патрэбна было доўгія гады вучыцца жыць і гаспадарыць пад строгім радыелагічным кантролем.



Але ўсё ж старшыня змагла падняць калгас з кален, таму што яе крэда – самой гарэць на рабоце, умець арганізаваць людзей, стварыць каманду спецыялістаў і ўважліва адносіцца да кожнага работніка. За гэта і любілі яе вяскоўцы. Ёсць яшчэ ў вёсцы Паселічы старажылы, людзі старой загартоўкі, якія памятаюць першыя крокі Соф’і Рыгораўны на гэтай нялёгкай ніве дзейнасці.



Пачала з навядзення парадку на фермах, палях, а самае галоўнае – патрабавала ад падначаленых добрасумленных адносін да работы і працоўнай дысцыпліны.



–  Рэканструкцыю ферм, – успамінае Соф’я Рыгораўна, – выконваў калектыў  пад кіраўніцтвам прараба Уладзіміра Пятровіча Жураўскага. Гэта быў сапраўдны самародак у будаўніцтве, не маючы спецыяльнай адукацыі, арганізаваў работу так, што справы ў калгаснай жывёлагадоўлі пайшлі на лад. У хуткім часе тут налічвалася 4000 галоў буйной рагатай жывёлы, была пабудавана і свінаферма на тры з паловай тысячы галоў. Узрасталі надоі малака ад каровы. І ўжо праз год былі лепшымі ў раёне – 3500 кілаграмаў сярэднегадавы паказчык, 800-900 грамаў складалі сярэдня-сутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме.



Радавала і хлебная ніва, на асобных участках збіралі да 40 цэнтнераў збожжавых з гектара. Ураджайнымі былі і кармавыя буракі, асобныя караняплоды дасягалі вагі 7-8 кілаграмаў.
Бясспрэчна, вялікая заслуга старшыні  ў тым, што змагла згуртаваць калектыў і накіраваць яго дзейнасць у патрэбнае рэчышча. З асаблівай удзячнасцю гаворыць Соф’я Рыгораўна пра  вяскоўцаў, якія, не шкадуючы сябе, аддавалі ўсе сілы рабоце.



Вельмі дапамагаў Соф’і Рыгораўне  майстар па працаёмкіх працэсах   Васілій Гаўрылавіч Анісенка. Гэта быў вельмі знакаміты ў раёне чалавек: працуючы на жніве,  дабіваўся рэкордных намалотаў, за што ўдастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Леніна, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
А галоўны інжынер Міхаіл Іванавіч Дрожжа вынайшаў прыстасаванне для пагрузкі рулонаў сена і саломы ў сцірты, праз некаторы час падобныя пагрузчыкі сталі выпускаць у рэспубліцы масава. Хаця не меў спецыяльнай адукацыі, але паспяхова спраўляўся з абавязкамі агранома Васілій Канстанцінавіч Дзяйкун, многа зрабіў па перазалужэнню сенажацей і пашы. У жывёлагадоўлі адметны след пакінулі былыя галоўны заатэхнік калгаса Марыя Піліпаўна Савіцкая і галоўны ветурач Мікалай Мікалаевіч Бурак.
Быць гаспадаром на зямлі не проста, а жанчыне, узяўшай на сябе такую адказнасць, складаней удвайне, хаця б па той прычыне, што даводзіцца быць кампетэнтнай у сферах, што даўно лічацца мужчынскай прэрагатывай. Работнікі калгаса «Рассвет» цанілі С.Р. Пінчук як ведаючага  кіраўніка, вяскоўцы паважалі і любілі за ўвагу да людзей, уменне выслухаць, калі патрабуецца – прыйсці на дапамогу.



У 1990 годзе, праз чатыры гады ўзначальвання калгаса,  С.Р. Пінчук была назначана на пасаду намесніка начальніка Хойніцкага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, з 1991-га па 2003 год працавала начальнікам аддзела эканомікі, намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы.
За высокія паказчыкі калгас «Рассвет» адзначаўся Ганаровымі граматамі і пераходнымі чырвонымі вымпеламі РК КПБ і райвыканкама, кіраўніцтва абласнога савета прафсаюзаў і абкама ЛКСМБ. Сама Соф’я Рыгораўна за добрасумленную працу і заслугі перад дзяржавай адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн «Знак Пашаны» за ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Выйшаўшы на пенсію, С.Р. Пінчук перабралася жыць у Гомель, каб быць побач з дзецьмі. Сына і дачку яна вырасціла і вывучыла адна, а цяпер радуецца дзвюм унучкам. Асвоіла камп’ютэр, многа чытае, жыва цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца на яе малой радзіме.



Соф’я Рыгораўна  лічыць, што Радзіма – гэта месца, дзе ты з’явіўся на свет, маленькая кропка на велізарным зямным шары, якая зліваецца ў прасторы з мільярдам такіх жа маленькіх, ледзь прыкметных кропак. Але ў свядомасці асобнага чалавека яна такая велізарная, што здольна займаць два паўшар’і галаўнога мозгу і да канца дзён валодаць і сэрцам, і душой. І хаця цяпер Соф’я Рыгораўна жыхарка вялікага горада, яе ўяўленне маланкава намалюе шэры вясковы домік з калодзежам, дзе прайшло-праляцела дзяцінства. Так соладка, востра і тужліва зашчыміць сэрца ў прыступе шчаслівай журботы.



І такая кропка, што ёсць на планеце, павінна быць у кожнага чалавека, каб было куды вяртацца ў думках і наяве. Для Соф’і Рыгораўны Пінчук – гэта Хойнікшчына, самы лепшы, прыгожы, працавіты, шчыры куточак зямлі.



Клаўдзія Босак.
Аўтар выказвае шчырую падзяку С.Р. Пінчук за прадастаўленыя фотаздымкі і расказ аб сабе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *