Кантроль застаецца
На тэрыторыі абслугоўвання ўчастковага інспектара раённага аддзела ўнутраных спраў старшага лейтэнанта Сяргея Пятровіча Талюка два сельскія Саветы – Паселіцкі і Стралічаўскі, дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады. У сувязі з гэтым і першае яму пытанне.
– Якая работа праводзіцца з дзецьмі і падлеткамі?
– У школах я правёў гутаркі з рабятамі аб захаванні правіл асабістай бяспекі, –адзначыў Сяргей Пятровіч. – Акцэнтаваў увагу на тым, што нельга наведваць аб’екты, якія будуюцца, трэба строга выконваць правілы дарожнага руху, абыходзіць вадаёмы з мэтай купання. Растлумачальную работу наконт гэтага праводжу ў працоўных калектывах, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, пры асабістых сустрэчах з бацькамі. Даводжу да ведама, што яны павінны сачыць за паводзінамі сваіх дзяцей у вольны ад вучобы час.
– Сяргей Пятровіч, як вы можаце ахарактарызаваць крымінагенную абстаноўку ў асяроддзі непаўналетніх?
– На шчасце, злачынстваў, здзейсненых імі, не зарэгістравана. Асноўныя – адміністрацыйныя правапарушэнні, а гэта пераважна гульні ў начны час, распіццё спіртных напіткаў, некаторыя падлеткі прывучаюцца да іх у 14-16 гадоў.
Бацькі да майго кантролю ў гэтым сэнсе ставяцца па-рознаму. Пачынаецца з выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння – распіцця алкаголю. Тады ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі: «Маё дзіця не такое. Гэтага не можа быць» і г.д. А калі пасля агляду бачаць лічбу ў праміле, то кажуць: «Як жа так? Гэта першы раз. Навошта адразу ставіць на ўлік?»
Ёсць і такія, што лаюцца, калі прыходжу да іх: «Што вы ходзіце і кантралюеце. Ён жа аднойчы спатыкнуўся».
На тэрыторыі Паселіцкага сельсавета выяўлены факты бадзяжніцтва. Кацярына Скуранок, якой сёлета павінна споўніцца 18 гадоў, часта ўцякае з дому, «гастралюе» не толькі па бліжэйляжачых сельскіх населеных пунктах раёна, але і па ўсёй Гомельскай вобласці – адкуль яе толькі не вярталі дамоў супрацоўнікі міліцыі!
– А якія праблемы існуюць з абавязанымі асобамі, бацькамі, якія павінны аплачваць выдаткі на ўтрыманне іх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні?
– На ўліку стаяць сем абавязаных. Усе працаўладкаваны. Некаторыя з іх прымаюць добраахвотнае рашэнне закадзіравацца ад п’янства. Аднак ёсць і такія, якім усё роўна, што іх дзяцей адабралі. Іх накіроўваем у лячэбна-працоўны прафілакторый, сёлета туды «пуцёўка» выпісана жыхарцы вёскі Карчовае, маці траіх дзяцей, Т.М. Камеш. Сочым за далейшым лёсам.
Сэрца баліць, калі прыязджаеш і бачыш, як выбягаюць брудныя дзеткі, а бацькам на гэта напляваць. Дзяцей Т.У. Рымарчук з Лісцвіна пры адабранні выцягнулі з-пад печкі. Што цікава, Тамара Уладзіміраўна – добрая работніца, мае граматы, а дом зусім у заняпадзе: у вокнах адсутнічае шкло, бруд у доме і навокал.
Курс лячэння ад алкагалізму па ўласнай волі прайшла ў Гомелі жыхарка вёскі Мархлеўск, маці трох дзяцей, К.А. Гарадкавец. Але не доўга вяла цвярозы лад жыцця, сарвалася і зноў пайшла па накатанай сцяжынцы п’янства.
Сітуацыя выпраўлена ў адносінах роднай сястры К.Скуранок – Аксаны Гарашчанкі. Пасля адабрання дзіцяці яна ўзялася за розум. Робіць дома рамонт, дапамагае ёй у гэтым КСУП «Веляцін». Зараз маладая жанчына здзіўляецца, навошта раней піла. Сустракаемся ў вёсцы, вітаемся. Але ж кантроль усё-такі застаецца.
Гутарыла Клаўдзія Босак.