Марудна рыхтуем склады!
Своечасова і без страт убраць вырашчаны ўраджай збожжавых культур – адна з галоўных задач хлебаробаў. Але не менш важна і захаваць яго на шляху да прамысловай перапрацоўкі. Для гэтага неабходна яшчэ да ўборкі, ужо зараз, неадкладна заняцца падрыхтоўкай складскіх памяшканняў, зернеачышчальнай тэхнікі і сушыльнага абсталявання.
Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна для прыёмкі збожжа маюцца 42 складскія памяшканні, якія патрэбна ачысціць ад смецця і правесці ў іх работы па дэзінсекцыі супраць шкоднікаў. Аднак па стану на 20 чэрвеня гэтыя работы выкананы толькі ў 4 складскіх памяшканнях: у 2 складах КСУП «Велікаборскі» і ў 2 памяшканнях КСУП «Аравічы». Таксама варта адзначыць, што пры выкананні гэтых работ не ўсе загадчыкі складоў належным чынам ставяцца да сваіх абавязкаў, а дэзінсекцыю часцяком праводзяць пры наяўнасці ў памяшканнях інвентару і смецця. Зразумела, што ў такім выпадку эфект ад правядзення гэтых работ будзе мінімальным.
Яшчэ адно важнае пытанне – відавыя праполкі ў пасевах азімых і яравых збожжавых культур. І гэты від работ выконваецца ў гаспадарках раёна нездавальняючымі тэмпамі. Усяго неабходна правесці відавыя праполкі на плошчы 1230 гектараў: 265 га – азімай пшаніцы, 226 га – яравой пшаніцы, 207 га – азімага трыцікале, 490 га – яравога ячменю і 42 гектары аўсу. А на 20 чэрвеня відавыя праполкі выкананы толькі на ўсёй плошчы азімай пшаніцы і на 50 гектарах пасеваў азімага трыцікале. Да апрацоўкі астатніх плошчаў у гаспадарках раёна яшчэ не прыступалі.
Пагэтаму ўсім сельгаспрадпрыемствам раённай інспекцыяй па насенняводству, каранціну і ахове раслін выпісаны рэкамендацыі па правядзенню відавых праполак, а таксама дэзінсекцыі і падрыхтоўцы складскіх памяшканняў да прыёму збожжа новага ўраджаю.
В. Варабей, начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.