У зімоўку – з абноўленымі фермамі

Сельское хозяйство

Мадэрнізацыя вытворчасці, якая зараз актыўнымі тэмпамі вядзецца ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу краіны, не пакінула ў баку і аграрны сектар эканомікі. У прыватнасці, у гаспадарках нашага раёна да пачатку зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы павінны былі ўступіць у лік дзеючых адразу 6 сучасных даільна-малочных блокаў, ход работ на якіх рэгулярна асвятляла наша газета. Але па шэрагу прычын, у тым ліку і з-за несвоечасовага фінансавання, да 1 кастрычніка іх так і не ўдалося ўвесці ў строй. Аб тым, на якой стадыі зараз знаходзіцца іх будаўніцтва, расказвае дырэктар КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна» Мікалай Пятровіч ДРАЧЭЎСКІ.



– Па стану на пачатак кастрычніка бягучага года на ўсіх 6 даільна-малочных блоках, якія ўзводзяцца на Ліствінскай, Храпкаўскай, Стралічаўскай, Алексіцкай, Велікаборскай і Карчоўскай (на здымку) малочнатаварных фермах, завершаны ўсе будаўнічыя работы і зараз на іх вядзецца мантаж тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання. У гэтым месяцы будуць уведзены ў эксплуатацыю новыя даільна-малочныя блокі на Карчоўскай, Алексіцкай, Храпкаўскай і Велікаборскай малочнатаварных фермах. Пэўныя цяжкасці ўзніклі з правядзеннем мантажных работ на даільна-малочных блоках Стралічаўскай і Ліствінскай ферм, але і яны павінны ўступіць у лік дзеючых калі не ў гэтым, то ў наступным месяцы.
Адзначу, што будаўніцтва новых ДМБ – гэта яшчэ не ўвесь комплекс запланаваных будаўнічых работ. Да кожнага з даільна-малочных блокаў павінны быць пабудаваны і памяшканні для ўтрымання жывёлы. Гэта стане другім этапам разгорнутага ў жывёлагадоўлі раёна будаўніцтва, прычым этапам, не такім аддаленым па часе. Так, будаўніцтва кароўнікаў да новых даільна-малочных блокаў зараз вядзецца на Ліствінскай, Храпкаўскай, Карчоўскай і Алексіцкай малочнатаварных фермах, а ў канцы года да гэтых жа ДМБ пачнуць прыбудоўваць яшчэ па аднаму памяшканню. На Стралічаўскай МТФ пачнецца рэканструкцыя існуючага кароўніка з мэтай замкнуць яго з новым даільна-малочным блокам, яшчэ адзін кароўнік да новага ДМБ будзе закладзены ў апошнім квартале года на Велікаборскай малочнатаварнай ферме.


***   ***   ***
У гаспадарках раёна будаўнікі і жывёлаводы таксама рыхтаваліся да пачатку зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы і вялі падрыхтоўку жывёлагадоўчых памяшканняў гаспадарчым спосабам. Так, рэканструкцыя двух памяшканняў сіламі гаспадарак завяршаецца зараз на Алексіцкай МТФ, на МТФ у Грачыхіна і Стралічаўскай малочнатаварнай ферме, уласнымі сіламі закончана рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў на Храпкаўскай, Велікаборскай і Ліствінскай фермах, на іх ужо размешчана жывёла.
Запуск у эксплуатацыю новых даільна-малочных блокаў і жывёлагадоўчых збудаванняў да іх, а таксама рэканструкцыя існуючых жывёлагадоўчых памяшканняў дазволяць гаспадаркам раёна значна ўдасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу вытворчасці, павысіць пагалоўе дойнага статка, палепшыць колькасныя і якасныя паказчыкі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.



Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *