І.Ю. Прыходзька лічыць аўтамабіль ГАЗ-53 — адной з лепшых мадэлей айчыннага аўтапраму

Сельское хозяйство

І.Ю. Прыходзька ў КСУП «Судкова» працуе з далёкага ўжо 1983 года.

Сам ён мясцовы, спачатку скончыў пачатковую Судкоўскую школу, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Казялужскай СШ. 3 гады адслужыў у Мурманску на Паўночным флоце, а потым вярнуўся ў родны саўгас «Судкова». Спачатку яго накіравалі ў вучэбна-курсавы камбінат раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання вучыцца на механізатара, а потым ён атрымаў вадзіцельскае пасведчанне ў Хойніцкім ПТВ-183.

Выдатна памятае Ігар Юліянавіч сваё першае механізатарскае жніво. Хаця раней і даводзілася яму працаваць у якасці памочніка камбайнера, але самастойна ўбіраць збожжавыя яшчэ не даводзілася. Прапанавала тады кіраўніцтва гаспадаркі маладому механізатару аднавіць разабраны збожжаўборачны камбайн СК-5 «Ніва» – тады, маўляў, і пабачым, чаго ты варты на справе. За час, які заставаўся да пачатку жніва, знайшоў ён неабходныя запчасткі, паставіў іх, нават зварачныя работы давялося выканаць. Адным словам, камбайн быў гатовы своечасова. Больш таго, выдатна зарэкамендаваў сябе ў рабоце, а на працягу астатніх некалькіх сезонаў І.Ю. Прыходзька нават выходзіў на ім пераможцам раённага спаборніцтва механізатараў на жніве.

Тады ж, у канцы 80-х пасля ліквідацыі былога калгаса імя ХХІ з’езда КПСС, перадалі ў «Судкова» аўтамабіль ГАЗ-53, на якім Ігар Юліянавіч працуе і да сённяшняга дня – больш 30 гадоў. Розныя работы даводзілася выконваць яму ў гаспадарцы за гэты час, і яго «пяцьдзясяттройка» ніколі не падводзіла свайго гаспадара. Напрыклад, пад час нашай сустрэчы Ігар Юліянавіч займаўся падвозам насення збожжавых культур ад месца яго пратручвання да пасяўных агрэгатаў. А пакуль машына стаяла пад пагрузкай, І.Ю. Прыходзька сказаў мне пра яе так:

– Лічу гэты аўтамабіль адной з лепшых мадэлей айчыннага аўтапраму. Гэтая машына простая і надзейная ў эксплуатацыі, не вельмі складаная ў рамонтных работах, усё можна выканаць самому. А вось ужо ў новых, больш позніх мадыфікацыях гэтага ж самага аўтамабіля, напічканых электронікай, без заводскага спецыяліста пры рамонце ніяк не абыйсціся…
Прыкладна, з канца 90-х ён удзельнічае ў жніве ўжо не ў якасці механізатара, а як вадзіцель на адвозцы збожжа ад камбайнаў. І на гэтай ніве таксама мае пэўныя поспехі – неаднаразова ўдзельнічаў у свяце хлебаробаў «Дажынкі» раённага, абласнога і, нават, рэспубліканскага ўзроўняў. А ў 2002 годзе на «Дажынках» у Полацку Ігар Юліянавіч быў прэміраваны асабістым легкавым аўтамабілем «ВАЗ-2107». І гэтая машына ўсё так жа бездакорна працуе ў руках вадзіцеля.

Зрэшты, любая тэхніка паслухмяная ва ўмелых і старанных руках сапраўднага майстра – такога, як вадзіцель КСУП «Судкова» І.Ю. Прыходзька.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *