Усё па навуцы, усё па тэхналогіям

Сельское хозяйство

Аналізуючы аператыўныя даныя райсельгасхарчу па вытворчасці малака ў сельгаспрадпрыемствах раёна, нельга прайсці міма паказчыкаў Дварышчанскай малочнатаварнай фермы КСУП «Судкова».

Напрыклад, зводка за 4 красавіка, чытаем: даныя па валавай вытворчасці малака, 2018 г. – 2234 т; 2019 – 3227 т, атрыманы плюс 993 тоны, альбо 144%. Даныя па надою ад каровы: 2018 г. – 7,3 кг, 2019 г. 10,8 кг, рост + 3,5 кг. Рост вытворчасці прадукцыі відавочны.

А калі яшчэ даведаўся ад спецыялістаў аб тым, што 100% малака з гэтай фермы ад пачатку года і да сённяшняга дня рэалізуецца гатункам «Экстра», стала канчаткова зразумела, што пабываць на гэтай ферме журналістам «ХН» проста неабходна.

Заўважыўшы маю цікавасць, памочнік загадчыцы фермы К.А. Латаш прыроду чысціні патлумачыла:
– Яшчэ з савецкіх часоў мы захавалі традыцыю правядзення, так званых «санітарных» дзён. Праводзім іх штотыднёва – мыем, фарбуем, белім, мяняем падсцілку. Займаюць «сандні» не так і многа часу – 3 гадзіны кожнага чацвярга, а ўдзельнічае ў іх увесь персанал фермы. Здаецца і не такое працяглае мерапрыемства, а эффект ад яго – рэальны і відавочны.

На маё пытанне аб прычынах такога ўнушальнага рыўка ў вытворчасці малака, Кацярына Аляксандраўна адказала так:
– Гэта не аднамаментны поспех, ён не ўзнік на пустым месцы. А папярэднічала яму наша выдатная племянная работа па ўзнаўленню статка. Тут супала адразу некалькі станоўчых фактараў. Па-першае, у лістападзе мінулага года мы ўвялі ў дойны статак адразу 50 нецеляў, у снежні-студзені яны пачалі даваць малако. У студзені 2019 г. дадалі яшчэ 31 нецеля і гэта дало дадатковы плюс у вытворчасці малака.
Другой істотнай прычынай росту вытворчасці стала строгае і няўхільнае захаванне патрабаванняў сучасных тэхналогій кармлення і даення кароў. Збалансаваны і прадуманы рацыён кармоў, заснаваны на кукурузным сіласе і канцэнтратах (пратэін займае ў ім не менш 40%), эфектыўны кармавы стол, камфортныя ўмовы ўтрымання кароў (з абавязковымі штодзённымі прагулкамі па тэрыторыі фермы), выкарыстанне ў практыцы работы апошніх тэхнічных і тэхналагічных навінак – усё гэта не магло не даць станоўчых вынікаў.

У нашу размову ўключаецца і загадчыца фермы А.У Стэльмашок:
– Падрабязней раскажу аб тэхнічных навінках, якія мы прымяняем. Для таго, каб правільна запусціць карову перад расцёлам, мы выкарыстоўваем тэхналогію аднамомантнага запуску пры дапамозе спецыяльнага шпрыца «Фармацэўт-дст».

Акрамя таго, самі праводзім экспрэс-аналіз малака на колькасць саматычных клетак. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльны прыбор – аналізатар саматычных клетак, які мы шырока выкарыстоўваем.

А для вызначэння якасці малозіва карыстаемся яшчэ адным прыборам – коластрометрам. Дзякуючы гэтаму, у нас заўсёды ёсць у халадзільніку замарожаны банк малозіва – для выпойвання нованароджаных цялят, на той выпадак, калі малозіва прападзе ў адной, альбо некалькіх кароў. Немалаважна і тое, што даенне кароў вядзем пры дапамозе высокаэфектыўнай даільнай залы «Ёлачка Плюс» – разработкі ізраільскай фірмы, якая славіцца сваёй надзейнасцю ў эксплуатацыі і якасным выдойваннем кароў.

Расказ маіх субяседніц трывала пераканаў, што тут і сапраўды ўсё робіцца па навуцы, у адпаведнасці з перадавымі тэхналогіямі. А таму няма і прычын здзіўляцца колькасці і якасці малака. Хаця не магло не ўразіць тое, што малако з гэтай фермы стабільна рэалізуецца гатункам «экстра». Дзякуючы гэтаму факту тут і зарплаты працуючых гэтак жа стабільна трымаюцца на высокім узроўні. Асноўная заслуга ў гэтым працоўным поспеху належыць аператарам машыннага даення кароў Р.Б. Лагвінец, К.А. Халчавай, Т.І. Пінчук, М.С. Рак, І.І. Распопавай, даглядчыкам жывёлы Э.М. Сіражу, С.М. Зухта, П.Ю. Сушчанку, В.М. Бандарэнку. Асаблівых слоў удзячнасці за бездакорную работу заслугоўваюць сямейная пара А.М. Салапан і В.В. Чэчун, якія разам даглядаюць цялят, забяспечваючы іх высокую захаванасць, а таксама слесар-аператар па рамонту абсталявання В.В. Руды.

Абнадзейвае і той факт, што большасці работнікаў Дварышчанскай МТФ няма яшчэ і 40 гадоў. І калі яны будуць так працаваць надалей, значыць наперадзе ў іх новыя поспехі і новыя дасягненні.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *