На правым беразе Прыпяці, на ўскраіне Мазыра знаходзіцца 1052 асобны радыётэхнічны батальён.
Яго вайскоўцы нясуць штодзённае баявое дзяжурства па абароне паветраных рубяжоў Рэспублікі Беларусь.
Адным з лепшых салдат часці з’яўляецца ўраджэнец Хойніцкага раёна, радавы Іван Барысенка. У 2010 годзе юнак закончыў Глінішчанскую школу і паступіў у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Там атрымаў дыплом па спецыяльнасці «інжынер-педагог».
28 мая 2018 года быў прызваны на службу ваенным камісарыятам Хойніцкага і Брагінскага раёнаў. Пасля праходжання курса маладога байца, прызначаны на пасаду разведчыка-назіральніка разведвальнага аддзялення камандна-тэхнічнага вузла. За час праходжання тэрміновай ваеннай службы радавы Барысенка асвоіў тры воінскія спецыяльнасці: разведчык-назіральнік ПВН, аператар выраба 7В960 і планшэціст.
Аб службе салдат распавядае так: «Я вельмі рады, што трапіў менавіта ў гэтую вайсковую часць. Тут я здабыў вялікую колькасць верных таварышаў. Калі патрэбна парада – звяртаюся да камандзіра, які заўсёды выслухае, падтрымае і дапаможа. Ёсць магчымасць штодня звязацца з бацькамі, што таксама вельмі важна. І, дарэчы, кормяць тут выдатна. Лічу, што кожны малады чалавек павінен пабываць у арміі, бо гэта добрая школа жыцця. І калі ў кагосьці ўзнікаюць сумненні наконт службы, раю не баяцца».
Камандаванне батальёна адзначае, што радавы Барысенка адказны, дысцыплінаваны, сапраўдны патрыёт. Яго фатаграфія змешчана на Дошцы гонару, ён узнагароджаны Ганаровымі граматамі і атрымліваў Падзякі. Мы ганарымся такімі салдатамі!
Г. СІРОШЫК, намеснік камандзіра вайсковай часці 48694 па ідэалагічнай рабоце.