– Яна адбылася 26 красавіка 1986 года. Мама расказвала, што быў звычайны дзень. Дзеці гулялі на вуліцах, дарослыя працавалі на агародах, атрымлівалі асалоду ад па-летняму цёплага красавіцкага сонца. І раптам «мірны атам» чорным крылом радыяцыі накрыў велізарныя тэрыторыі, прынёс боль і пакуты людзям, для якіх жыццё падзялілася на дзве часткі: да і пасля аварыі. Трэба, каб гісторыю гэтай бяды і гісторыю пераадолення яе наступстваў ведалі і памяталі.
– Чарнобыль… Вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі асацыіруецца з найбуйнейшай за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагеннай катастрофай. Нам у школе шмат распавядаюць пра тыя страшныя падзеі. У красавіку праводзяцца розныя мерапрыемствы, у якіх мы ўдзельнічаем. Наведваем музей, помнікі – Смутку і энергетыкам. Гэтая катастрофа прынесла нямала бед, слёз і гора, але разам з гэтым, яна стала сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх жыхароў. Добра, што наш раён развіваецца далей.
– Ведаю, што шмат хто быў вымушаны пакінуць сваё жыллё. Бралі ўсе самыя неабходныя рэчы і пакідалі свае хаты, родныя мясціны. Лічу, гэта вельмі складана. Раней у нашым раёне было шмат вёсак, а цяпер яны знаходзяцца ў «зоне». На класныя гадзіны да нас часта прыходзяць ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС. Іх апавяданні заўсёды настолькі эмацыйныя, што ў мяне мурашкі бегаюць па скуры. Часам іх гісторыі нагадваюць сюжэт з фільма жахаў. Але гэта жыццё, гэта лёс.
– Гэта катастрофа змяніла ход гісторыі! Пра Чарнобыль зняты дзясяткі фільмаў, напісаны сотні артыкулаў, твораў, зона адчужэння і спусцелая Прыпяць з’явіліся ў віртуальнай рэальнасці, па якой бегаюць героі сучасных камп’ютэрных гульняў… З часам аварыя на ЧАЭС абрастае ўсё большай колькасцю міфаў. Але, лічу, лічбы кажуць лепш гучных загалоўкаў. Жыццё працягваецца, мы павінны рухацца далей.
Апытвала Наталля ЧЭКАН.