Паступова ўмацоўваецца тэхнічная аснашчанасць Хойніцкага камбікормавага завода. Як паведаміла дырэктар прадпрыемства С.М. Вашчыла, нядаўна набыты новы збожжаачышчальна-сушыльны комплекс вытворчасці Казіміраўскага вопытна-механічнага завода (г. Магілёў).
Яго цана складае прыкладна 1,5 мільярда рублёў, а прадукцыйнасць – 30 тон збожжа ў гадзіну. Адметнай асаблівасцю новага агрэгата, набытага па лізінгу за ўласныя сродкі, з’яўляецца многафункцыянальнасць – машына не толькі падсушвае збожжа, але і ачышчае яго, эканомячы пры гэтым час і сродкі.
Новы комплекс працуе на газавым паліве, таму група рабочых завода ў гэтыя дні заканчвае курс навучання рабоце з газавым абсталяваннем у адной са спецыялізаваных гомельскіх фірм. Мантаж і наладку агрэгата будуць весці спецыялісты Гомельскага трэста “Сельспецмантаж”, а яго тэхнічныя выпрабаванні і запуск у эксплуатацыю пройдуць перад пачаткам прыёмкі збожжа новага ўраджаю.
Віктар МІХАЙЛАЎ.