Удалы працоўны старт


Атрымаўшы спецыяльнасць, кожны з выпускнікоў заўсёды хвалюецца перад тым, як пачаць сваю самастойную прафесійную дзейнасць. Як сустрэне маладога спецыяліста працоўны калектыў, якія адносіны складуцца ў яго з падначаленымі і кіраўніцтвам, якія ўмовы працы і пражывання яму прадаставяць на першым месцы работы – гэтыя і іншыя пытанні непазбежна паўстаюць перад учарашнімі студэнтамі.

Наведвалі такія думкі і дыпламаванага тэхніка-электрыка, выпускніцу Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алену Анатольеўну Драсікаву. Аднак хваляванні аказаліся дарэмнымі – восенню 2007 года ў эксбазе “Стралічава”, куды дзяўчына была накіравана па размеркаванню, маладога спецыяліста сустрэлі з належным разуменнем і падтрымкай. Больш таго, калі Алена выказала жаданне працаваць па спецыяльнасці, ёй пайшлі насустрач і прапанавалі месца інжынера па эксплуатацыі кантрольна-вымяральных прыбораў і апаратуры на мясцовым спіртзаводзе. Што датычыць бытавых умоў, то спачатку Алена паўгода кватаравала ў Надзежды Міхайлаўны Айвазян, з якой, па яе словах, цудоўна ладзіла, а потым гаспадарка прапанавала ёй добраўпарадкаваную трохпакаёвую кватэру. Яе Алена Анатольеўна зараз дзеліць з сяброўкай – таксама работніцай спіртзавода.

У прафесійным плане добра дапамагаюць больш вопытныя таварышы па рабоце, асабліва неацэнная дапамога галоўнага энергетыка эксбазы “Стралічава” Уладзіміра Ігаравіча Зіноўева.

Ды і сама Алена паказала сябе малайцом, і не толькі ў рабоце, але і ў кваліфікацыі – у канцы мінулага года, акурат пад ёлачныя святы, стала яна студэнткай-завочніцай Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага універсітэта. У гэтую ВНУ дзяўчына паступіла на бясплатнае навучанне, адразу на другі курс, вытрымаўшы пры гэтым конкурс у 13 чалавек на месца.

Ладзяцца справы і ў галоўнага інжынера КУП “Аравічы” Віталія Леанідавіча Локцева. Гэтак жа як і Алена Драсікава, у наш раён ён прыбыў у 2007 годзе. За плячыма ў маладога спецыяліста засталіся 5 гадоў навучання ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П. Сухога па спецыяльнасці “Праектаванне і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі”. Маладога спецыяліста накіравалі ў КСУП “Хойніцкае”. Разам з ім у наш раён прыехала і жонка Яўгенія Аляксандраўна, якой прапанавалі работу ў гэтай жа гаспадарцы на пасадзе інжынера па ахове працы. Спачатку жылі ў доме на дзве сям’і, а потым гаспадарка прадаставіла Локцевым асобны дом з прысядзібным участкам.

Пасля аб’яднання сельгаспрадпрыемстваў “Судкова” і “Хойніцкае” працавітага і ведаючага спецыяліста запрасілі на работу ў КУП “Аравічы”.

Цікава, што нарадзіўся Віталій на хойніцкай зямлі, у неіснуючай зараз вёсцы Бабчын яшчэ да чарнобыльскай аварыі – у 1984 годзе. Пры адсяленні сям’я бацькоў Віталія трапіла ў вёску Дварэц Рэчыцкага раёна. Так што зараз ён, можна сказаць, вярнуўся на месца нараджэння.

І мае трывалыя намеры асесці на Хойнікшчыне. Тым больш, што тут у 2008 годзе нарадзіўся яго сын Данілка, якому 1 верасня споўніцца першы годзік.

…Два маладыя лёсы, дзве такія ж маладыя біяграфіі, якія яднае тое, што два гады таму назад хойніцкая зямля стала для іх роднай і блізкай.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *