На варце абароны правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы


Ва ўсе часы пракуратура стаіць на варце захавання канстытуцыйных і прававых норм. У Хойніцкім раёне гэту работу выконваюць людзі, якія адрозніваюцца дзяржаўным стылем мыслення, самаадказнасцю, высокай самааддачай.


Менавіта такі прыклад у прафесійнай дзейнасці падначаленым паказвае пракурор раёна Вячаслаў Іосіфавіч Весялоўскі (на верхнім здымку). Ураджэнец горада Рэчыца, вось ужо 11 гадоў ён працуе ў Хойніках па спецыяльнасці, з іх 5 гадоў – на пасадзе кіраўніка. Акрамя яго яшчэ тры чалавекі маюць  вышэйшую юрыдычную адукацыю.

Правай рукой Вячаслава Іосіфавіча 4 гады з’яўляецца яго намеснік Аляксей Іванавіч Гаўрыкаў (на другім здымку). Ніколькі не шкадуе ён, што жыве і сваю службу адказную нясе ў райцэнтры, а не ў Гомелі, дзе рос і вучыўся.

Як і Аляксей Іванавіч, забяспечаны добраўпарадкаваным жыллём у Хойніках і маладыя спецыялісты – памочнік пракурора Аляксандр Рыгоравіч Руднік (на трэцім здымку), ураджэнец Жлобіна, і следчы пракуратуры Дзмітрый Іванавіч Лукомскі, малой радзімай якога з’яўляецца Гомель.

Служба гэтых людзей складаная, напружаная і адказная, бо патрабуе для прымянення на справе глыбокіх ведаў па працоўнаму, грамадзянскаму, сямейнаму, крымінальнаму заканадаўству. Да прыкладу, за 5 месяцаў сёлета супрацоўнікамі пракуратуры разгледжана 412 матэрыялаў, па якіх ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. У выніку 12 з іх прызнаны незаконнымі і накіраваны на дадатковую праверку. Такім чынам, насуперак расхожаму меркаванню пракуратура з’яўляецца не толькі “карным” органам дзяржавы. Адна з галоўных яе задач – абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама аднаўленне справядлівасці ў адносінах тых, хто ўсвядоміў уласныя памылкі і правамернымі паводзінамі даказвае сваё выпраўленне.

Акрамя праверкі ўсіх матэрыялаў, рашэнні па якіх прымаюцца супрацоўнікамі РАУС, пракуратура праводзіць праверку дзейнасці народных дружын, кантралюе ахову працы і тэхніку бяспекі ў працоўных калектывах раёна, арганізуе работу па недапушчэнню рэалізацыі спіртных напіткаў непаўналетнім і інш.

Узаемадзеянне пракуратуры з РАУС, камісіяй і інспекцыяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі райвыканкома, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва носіць пазітыўны характар у плане рэалізацыі норм Дэкрэта № 18, паляпшэння крымінагеннай абстаноўкі, прафілактыкі падлеткавай злачыннасці, барацьбы з карупцыяй.

…Вось ужо 40 гадоў уклад у агульную справу калектыву ўносіць загадчыца канцылярыі Соф’я Міхайлаўна Гарбатая. Аб пастаянстве ў выбранай справе сведчыць і друкаваная машынка на яе рабочым стале, якую не прамяняла на камп’ютэр. Як ніхто іншы, маючы за плячыма такі вялікі стаж, жанчына ведае, што калі не быць падначаленым закону, значыць быць пазбаўленым самай выратавальнай абароны.

Амаль столькі ж дзесяцігоддзяў ходзіць адной дарогай на працу прыбіральшчыца Марыя Сцяпанаўна Карась. Толькі добрыя словы давялося пачуць ад кіраўніцтва ў адрас гэтых жанчын і вадзіцеля Сяргея Іванавіча Жмыхава.

У сувязі з прафесійным святам усім работнікам пракуратуры накіроўваем пажаданні новых поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Няхай вашы прынцыповасць, бескампраміснасць і кампетэнтнасць і ў далейшым умацоўваюць у грамадстве пачуццё павагі да закона, веру ў перамогу ісціны і справядлівасці.


Тэкст і фота Ірыны ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *