Мілыя жанчыны! Дарагія мамы! З Днём маці вас, добрыя, мудрыя, сардэчныя!
Сёння мы віншуем самых родных і дарагіх нам людзей – нашых матуль. Дзень Маці прыпадае на Пакровы Святой Багародзіцы невыпадкова: як Багародзіца захінула сваім пакрывалам хрысціян ад варожай навалы, так і маці гатова ў любы момант захінуць сваіх дзяцей ад усіх жыццёвых перашкод. Кожны з нас ведае гэта па сваёй маме. Колькі б ні было нам гадоў, якія б пасады мы ні займалі, наколькі б ні былі самадастатковымі і ўпэўненымі – ўсё роўна ў цяжкую хвіліну спяшаемся пад крыло да матулі. Яна ніколі не схлусіць, не здрадзіць, не падвядзе. І як добра, калі ёсць да каго ляцець са сваімі крыўдамі і са сваімі радасцямі.
Двойчы ў год я адыхожу ад афіцыйных віншаванняў – у Дзень жанчын і Дзень маці – таму што словы падбіраюцца іншыя. Хочацца ўсім хойніцкім матулям выказаць павагу, жадаць шчыра, тое, што дыктуе сэрца.
У кожнага з нас ёсць месцы, у якія мы вяртаемся з радасцю, – гэта мацярынскі дом. Бо там, дзе мама, заўсёды цёпла і ўтульна, нягледзячы на надвор’е.
Матулі самыя прыгожыя, самыя моцныя, бо нясуць на сваіх плячах цяжар адказнасці. Ім складана, але яны ніколі нават не падаюць выгляду. Не толькі прыгажосць, якой кожная з вас шчодра надзелена і стваральніцамі якой вы з’яўляецеся, выратуе свет, але і ваша бясконцая мацярынская дабрыня, чысціня вашых душ, цярплівасць, лагода і спагадлівасць. Спіс таго за што мамам варта сказаць «дзякуй», вядома, атрымаецца бясконцым. Дзякуй вам за тое, што нагадваеце аб важным. «Надзень шапку», «Сняданак у халадзільніку» і яшчэ тысяча фраз кожны дзень. За імі – тысячы хвілін клопату і любові. Тысячы бяссонных начэй. Тысячы думак пра нас. Нават калі мы вырастаем, голас мамы ў галаве па-ранейшаму нагадвае пра важнае.
Дзякуй, матулі, за тое, што разумееце. З маці можна пагаварыць пра ўсё. Колькі б нам ні было гадоў, размовы па душах саграваюць лепш, чым ваўняная коўдра і гарачы чай. І няма такога пытання, на якое мама не ведала б адказ.Дзякуй за смачнасці. Торты, блінцы, піражкі – дзякуй за самыя смачныя стравы, якія былі і будуць з’едзены. Іх пах – гэта пах дома. Іх смак – гэта смак шчасця.
Дзякуй за сілы і смеласць. Маміна падтрымка – як глеба пад нагамі. Калі яна ёсць, можна здзейсніць, здаецца, немагчымае. Дзякуй за тое, што нам заўсёды ёсць куды вярнуцца. І там чакаюць.
Дзякуй за тое, што вы заўсёды побач. Мамы абдымалі нас, калі мы хваляваліся. Трымалі за руку, калі палохаліся. Сядзелі на краёчку ложка, калі мы хварэлі. І радаваліся больш нас саміх, калі ў нас усё атрымлівалася. І цяпер, нават калі мамы далёка, яны ўсё роўна побач.
Маміны абдымкі – самыя лепшыя абдымкі у свеце. Давайце ў гэта свята не будзем саромецца пачуццяў. Дужа-моцна абдымем сваіх мам і скажам ім тысячу «дзякуй».
Няхай у Дзень Маці ўсе дзеці «прыляцяць» дадому, і да мамы, як у дзяцінстве, з любоўю прыціснуцца. Каб шчасце кожную матулю ахутала цёплай хваляй. Паважайце і цаніце кожнае імгненне, праведзенае з маці, бо наша жыццё вельмі хуткаплыннае. Беражыце сваіх матуль!Мілыя хайнічанкі, мы цэнім вас за тое, што ў бурным рытме сучаснага жыцця вы застаецеся ласкавымі і добрымі. Няхай жа збываюцца ўсе вашы запаветныя мары, у дамах заўсёды будзе спакой, утульнасць, згода і дастатак, а дзеці прыносяць толькі радасць, дораць свой клопат і душэўную цеплыню. Няхай на нашай роднай Хойнікшчыне штогод становіцца ўсё больш і больш шчаслівых мам. Няхай расце колькасць добрых шматдзетных сем’яў.
Моцнага ўсім здароўя, поспехаў, дабрабыту і, вядома ж, простага жаночага шчасця.
З павагай, старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка.