Першы крок у дарослае жыццё

Образование

Апошні званок прагучаў для выпускнікоў Хойнікшчыны


Цяперашнім летам базавая школа раёна адпраўляе ў дарослае жыццё падвоены выпуск – 743 юнакоў і дзяўчат, а сярэдняя школа павышаны – 176 маладых людзей. Кожны з іх сёння стаіць на парозе самастойнага жыцця і вырашае, па якой з сотні дарог шагнуць ва ўласнае жыццё.

…Прыгожа апранутыя і ўсхваляваныя, павязаныя, быццам сведкі на вяселлі, атласнымі стужкамі з кідкімі надпісамі “Выпускнік-2009” прыйшлі на ўрачыстую лінейку 19 вучняў гарадской сярэдняй школы № 2. Упершыню за доўгія адзінаццаць вучнёўскіх гадоў іх чакаюць не бесклапотныя канікулы, а сур’ёзны экзамен на інтэлектуальную спеласць і трываласць духу.

Расчуліліся першая настаўніца Т. А. Барысенка і класны кіраўнік Н.А. Бараноўская. Ды і як можна інакш, калі сёння іх выхаванцы стаяць перад выбарам жыццёвай дарогі, якая не накатанная і гладкая. Аднак, настойліва пераадолеўшы цяжкасці, кожны абавязкова дасягне пастаўленай мэты.

Ад імя бацькоў выпускнікоў выступіла на лінейцы старшыня прафсаюзнага камітэта ПДРЭЗ Т.Г. Астудзіна. Яна пажадала рабятам знайсці адзіную прафесію ў жыцці, якая будзе мілая душы і сэрцу.

Сардэчна павіншаваў з заканчэннем навучальнага года вучняў, педагогаў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан. Кіраўнік раёна выказаў надзею, што пасля заканчэння вышэйшых і сярэднеспецыяльных устаноў выпускнікоў чакаюць на сваёй малой радзіме, дзе ёсць многа кропак прыкладання іх сіл і здольнасцей і якія папоўняць атрад маладых спецыялістаў, будуць працаваць дзеля росквіту Хойнікшчыны.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская адзначыла, што настаўніцкае шчасце складваецца з вучнёўскіх перамог, пажадала юнакам і дзяўчатам, каб здзейсніліся іх мары і жаданні.

Пранікнёныя словы для выпускнікоў знайшліся і ў вучняў малодшых класаў. І ўжо зусім чулліва выглядалі на ўрачыстай лінейцы першакласнікі і вядучыя мерапрыемства дзевяцікласнікі Дзяніс Цвірко і Юлія Красоўская.

Дырэктар школы Т.В. Шлег уручыла выпускнікам, якія вызначыліся поспехамі ў вучобе і грамадска-карыснай рабоце, дыпломы і граматы.

А потым выпускнікі на прышкольнай тэрыторыі высадзілі 19 саджанцаў алычы і чаромхі, змясцілі на іх таблічкі са сваімі імёнамі і прозвішчамі, пакінуўшым тым самым добрую памяць аб роднай школе.

З асаблівай урачыстасцю прайшло самае галоўнае мерапрыемства навучальнага года ва ўсіх школах нашага раёна, да якога вучні і настаўнікі старанна рыхтаваліся. Гэта быў момант, калі змянілася светаўспрыманне выпускнікоў і ўсе яны адначасова падумалі аб тым, што сталі дарослымі. Стала сумна, што дзяцінства закончылася, што ў такім саставе і на працягу такой колькасці часу, як у школе, яны ўжо ніколі не будуць разам. У школе яны былі адной вялікай сям’ёй, таму цяжка ўсведамляць, што гэтыя цудоўныя дні закончыліся.

…Вось і ўсё: адзвінелі апошнія званкі ў школах раёна. Ззаду – адзінацаць гадоў адкрыццяў, маленькіх і вялікіх дасягненняў. Зараз – выніковыя экзамены і напружаная падрыхтоўка да ўступных экзаменаў у ВНУ і каледжы. Адказныя дні і тыдні, ад якіх у жыцці залежыць многае. Удачы вам, выпускнікі-2009.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: на ўрачыстай лінейцы ў СШ № 2.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *