Не прымаць гасцей з ліпкімі рукамі


Можна шмат прыводзіць прыкладаў, калі па бяспечнасці грамадзян іх маёмасць становіцца здабычай злодзеяў (за 5 месяцаў сёлета ў нашым раёне адбылося 62 такія крадзяжы). Прывядзем прыклад, калі ад аднаго злодзея пацярпела маёмасць некалькіх чалавек.


Ураджэнец г. Мінска  Уладзімір Клімовіч, 1971 года нараджэння, у першы раз на лаву падсудных сеў 20 студзеня 1990 года. Тады судом  Хойніцкага раёна ён быў пазбаўлены волі на 2 гады з адтэрміноўкай выканання прыгавору на 1 год. Але вывадаў для сябе не зрабіў і ў маі 1992 года зноў сядзеў на той жа лаве. Ужо без адтэрміноўкі пайшоў на тры гады ў зону. У 1994 годзе – новы тэрмін, амністыя ў 1997-м, новы крадзёж і зноў пазбаўленне волі. На пачатак 2007 года У.А. Клімовіч меў ужо сем судзімасцей. У апошнюю неадбытую частку пакарання 1 год і 10 месяцаў суд Горацкага раёна замяніў больш мяккім – выпраўленчымі работамі з утрыманнем 20 працэнтаў заробку штомесяц у даход дзяржавы.

Аднак для такіх, як Клімовіч, да ўсяго, што бачаць вочы, цягнуцца ліпкія рукі. Не адбыўшы яшчэ пакаранне, ён сёлета здзейсніў новыя злачынствы. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення ў пакоі № 51 дома № 1 па вуліцы Міру г. Хойнікі (трэба думаць, у якасці госця), калі гаспадыня выйшла з пакоя, украў належачы ёй залаты бранзалет коштам 200 тысяч рублёў і залаты ланцужок коштам 160 тысяч. Гэта было ў 17 гадзін, а праз дзве гадзіны ў пакоі № 15 таго ж дома, скарыстаўшыся тым, што гаспадар Уладзімір Рабцэвіч заснуў, прыкарманіў яго мабільны тэлефон “Сіменс А-52” коштам 120 тысяч рублёў. Такім чынам, паўтарыў крадзёж, здзейсніўшы злачынства, прадугледжанае арт.205,ч. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Праз два дні раніцою, зноў на падпіцці, ашываўся Клімовіч у кватэры № 57 па вуліцы Жукава, 5а, г. Хойнікі. Скарыстаўшыся  тым, што яго асобай не надта цікавяцца, украў мабільны тэлефон  “ZТЕ А-80”, які належаў Марыне Мікалаеўне Раманюк.

Сёння Уладзімір Анатольевіч Клімовіч адбывае пакаранне тэрмінам 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі. А пацярпеўшыя, думаецца, на ўсё жыццё запомняць, што нельга так даверліва адносіцца да незнаёмых і знаёмых людзей, за якімі цягнецца шлейф крадзяжоў і некалькі судзімасцей.

 Неабходна адзначыць, што асобы, якія здзяйсняюць крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян, пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі і спосабы пранікнення ў дамы і кватэры. Выкарыстоўваюць сучасную тэхніку, радыё- і мабільную сувязь, набываюць і вырабляюць інструменты, спецыяльна прыстасаваныя  для таго, каб адчыняць дзверы.

Для пранікнення ў жыллё зламыснікі выкарыстоўваюць сем асноўных спосабаў: узлом дзвярэй; уздзеянне на акно; праз фортачку; праз балкон, падбор ключа, праварот сэрцавіны замка, свабодны доступ.

Аналіз аператыўных зводак паказвае, што практычна кожнае другое пранікненне ў жыллё было здзейснена шляхам свабоднага доступу, кожнае чацвёртае – узлом уваходных дзвярэй. А прадметам злачынных замахаў злодзеяў становіцца што заўгодна: ад 1 тысячы рублёў, каструль, прадуктаў харчавання, адзення да дорагакаштуючай камп’ютэрнай і відэатэхнікі, ювелірных вырабаў і буйных сум грашовых сродкаў.

Спосабаў для пранікнення ў чужую кватэру, як сказана вышэй, існуе многа. Замкоў, якія не адчыняюцца не бывае. І лепшага спосабу забяспечыць бяспеку свайго жылля, чым устанавіць ахоўную сігналізацыю, пакуль не вынайдзена. Тым больш, што зараз Дэпартаментам аховы МУС зніжаны тарыфы на штомесячную аплату ахоўных паслуг з 0,75 да 0,5 базавай велічыні. Арганізаваны продаж ахоўнай апаратуры ў растэрміноўку на тэрмін да 3 месяцаў, а льготнай катэгорыі грамадзян да 6 месяцаў.


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *