Сімвалы гераізму


Помнікі і абеліскі… Колькі іх на Беларусі, сімвалаў мужнасці і гераізму! Сыны розных народаў аддалі сваё жыццё за вызваленне краіны, у тым ліку і за хойніцкую зямлю. Тут пахаваны беларус Н.Ф. Блатун з Брагінскага раёна, рускі П.М. Башкараў з Алтайскага краю, украінец А.Х. Дубас, таджык І. Атабаеў, бурат І.М. Еўсікаў, башкір К. Кацаў, марыец А.Г. Корабаў, узбек М. Разыкаў, казах І. Сармурзаеў, удмурт В.П. Цепяшын і многія воіны іншых нацыянальнасцей, а ўсяго 313 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.


Выканком Хойніцкага раённага савета дэпутатаў працоўных 15 лютага 1946 года прыняў рашэнне “Аб ахове і ўзнаўленню гістарычных помнікаў і ўвекавечванню знамянальных месц і падзей, звязаных з вызваленнем раёна ад фашысцкіх захопнікаў”. У гэтым рашэнні сказана: “Правесці ўлік знамянальных месц і падзей, звязаных з вызваленчай барацьбой. Распрацаваць эскізы афармлення магіл загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Узяць на строгі ўлік магілы загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, месцы знамянальных падзей, месцы баёў, удзелу ў іх воінскіх і партызанскіх злучэнняў, знаходжання штабоў армій, дывізій і партызанскіх брыгад, месц масавых расстрэлаў савецкіх людзей”.

Выкананне гэтага рашэння пачалося толькі ў 1965 годзе, калі рыхтаваліся да 20-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй. Тады пачалося перазахаванне загінуўшых воінаў і пахаваных у вёсках раёна ў брацкую магілу на гарадскіх могілках, дзе і быў устаноўлены помнік – скульптура салдата з аўтаматам і сцягам у руках. На мемарыяльных плітах выбіты прозвішчы загінуўшых воінаў. Сюды ж былі перанесены астанкі загінуўшых падпольшчыкаў Хойніцкай падпольнай арганізацыі і некаторых партызан з атрадаў імя Чапаева і імя Суворава. Некалькі воінаў засталіся там, дзе яны былі пахаваны ў 1943 годзе – С.М. Дзедаў у вёсцы Віць, Ф.К. Фамін у Глінішчы, тры салдаты ў Краснаселлі, дзе ім пастаўлены помнікі, а ў вёсцы Хвойнае – помнік невядомаму салдату з надпісам “Ад удзячных жыхароў вёскі Хвойнае”, абеліск у Аравічах у памяць аб баявых дзеяннях Пуціўльскага партызанскага атрада і штаба злучэння Каўпака.

У гонар воінаў-танкістаў у г. Хойнікі ўстаноўлены помнік-Танк, а на 6-м кіламетры шашы “Хойнікі-Рэчыца” – стэла ў гонар коннікаў-даватарцаў, якія першымі ўступілі з вызваленчымі баямі на тэрыторыю раёна. Устаноўлены помнікі: на месцы баёў танкавага экіпажа Героя Савецкага Саюза лейтэнанта У.Р. Калесніка непадалёку ад вёскі Загальская Слабодка; на перакрыжаванні дарог “Хойнікі-Юравічы” і  “Глінішча-Тунеўшчына”, дзе загінуў Герой Савецкага Саюза М.А. Грачыхін;  у вёсцы Глінішча партызанцы М.А. Барысавай, закатаванай фашыстамі; ва ўрочышчы “Майдан”, дзе дыслацыраваўся партызанскі атрад імя Чапаева.

Устаноўлена 7 мемарыяльных дошак – у памяць аб подзвігу партызана А.Г. Качаткова, на месцы дыслакацыі партызанскіх атрадаў імя Суворава, імя Варашылава, брыгады імя Фрунзе.

У 2007 годзе ў райцэнтры на тым месцы, дзе ў гады фашысцкай акупацыі былі закатаваны мірныя жыхары, устаноўлены помнік-Камень.

На франтах Айчыннай вайны загінулі 5155 хайнічан. У іх памяць на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў і ў некаторых буйных населеных пунктах устаноўлены 23 помнікі-скульптуры салдат з прозвішчамі загінуўшых. З Дварышчанскага сельсавета не вярнуліся дахаты 617 чалавек, з Паселіцкага – 595, Алексіцкага – 485, Рудакоўскага – 486, Стралічаўскага – 387, Тульгавіцкага – 331, з Хойнік – 566.

Больш за 20 помнікаў пастаўлена ў памяць ахвярам фашызму – спаленым і закатаваным мірным жыхарам у час фашысцкай акупацыі і на месцы спаленых і не адноўленых вёсак.

За сімваламі мужнасці, няскоранасці даглядаюць вучні мясцовых школ, да іх не зарастае народная сцяжынка.

Пасля катастрофы на ЧАЭС у адселеных вёсках нашага раёна засталося 19 помнікаў воінам-вызваліцелям. І хаця тут няма жыцця, догляд за помнікамі ажыццяўляецца. Гэтую пачэсную місію выконвае калектыў Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, патранат месц баявой славы ўскладзены на калектывы лясніцтваў, дзе помнікі размешчаны. Арганізацыя штогод выдзяляе грашовыя сродкі на гэтую высакародную мэту.  

Удзячныя нашчадкі памятаюць тых, хто загінуў за мір, шчасце, за жыццё на зямлі.


М. СКРЫПЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *