Залатыя юбіляры


Этнографы лічаць, што сем’і адзначаюць 21 вясельны юбілей. Дзень шлюбу – гэта зялёнае вяселле. І далей кожны юбілей – веха ў жыцці сямейнай пары, з якой яны становяцца ўсё больш блізкімі адзін аднаму, іх саюз мацнее. 50 гадоў сумеснага жыцця – вяселле залатое: гэта азначае, што саюз мужа і жонкі моцны, як ніколі.

Залатое вяселле – гэта дар ад Бога, які трэба заслужыць штодзённай працай, вялікім цярпеннем, уменнем адчуваць побач з сабой чалавека, навучыцца жыць для іншага, разумець яго душу. Трэба яшчэ ўмець адкрыцца гэтаму дару і прыняць яго.


Сям’ю Сушчанкаў паважаюць у вёсцы Малішаў. Павагу людзей яны заслужылі сваёй працавітасцю, хрысціянскім жыццём, гасціннасцю і міласэрнасцю. Васілій Фёдаравіч з’яўляецца для аднавяскоўцаў прыкладам саліднасці і сціпласці. Ніхто не памятае, каб у гэтай сям’і былі сваркі. Калі я спытала, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця, Жанна Аляксандраўна адказала: “Ніякага сакрэту. Проста любілі і паважалі адзін аднаго”. Зразумела, што без любві шчаслівай сям’я быць не можа, а калі ёю дзеляцца, то яна толькі памнажаецца.

Жанна Аляксандраўна нарадзілася ў вёсцы Гарошкаў другой дачкой у сям’і настаўніка і простай вясковай дзяўчыны. З малых гадоў зведала, што такое сірочы хлеб. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька пайшоў на фронт добраахвотнікам і загінуў на полі змагання з ненавісным ворагам. А маці разам з іншымі вяскоўцамі  расстралялі фашысцкія акупанты ў 1943 годзе. Пасля вайны Святлану, сястру Жанны Аляксандраўны, накіравалі ў дзіцячы дом, а яе выхоўвала бабуля Юлія Антонаўна Караткевіч.

Канешне, мала хто з таго пакалення можа пахваліцца бязвоблачным дзяцінствам, а Васілій Фёдаравіч тым больш – трэба было шчыраваць на сваёй зямельцы, яна была адзінай карміцелькай, ад таго, як яе апрацуеш, залежала, ці будзе хлеб для сям’і. Адслужыўшы ў арміі, ён усё сваё працоўнае жыццё прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы – быў трактарыстам у калгасе імя Калініна.

Пажаніўшыся ў 1959 годзе, Сушчанкі пачалі будаваць свой дом. Ен стаў месцам, дзе можна было адпачыць пасля цяжкай працы, пачуць цёплае слова, атрымаць добрую параду, да якога невядомая сіла прыцягвае дзяцей і ўнукаў па сённяшні дзень.

Мудрыя людзі лічаць, што любячая жонка заўсёды ў той або іншай меры з’яўляецца адлюстраваннем свайго мужа. Жанна Аляксандраўна – прыгожая, статная, высокая. “Пакахала Васіля – і ніхто мне больш не быў патрэбен. І, дзякуй Богу, жыццё пражылі, людзей не смяшылі – як кажуць душа ў душу. Я лічу, што мужа сабе выбрала найлепшага”.

Яна ніколі не сядзіць без справы. Гэта рукі Жанны Аляксандраўны ствараюць утульнасць у доме, даглядаюць агарод і кветнікі, у якіх дом Сушчанкаў хаваецца з вясны да восені.

Гэтыя людзі зведалі на сабе, што такое жыццёвыя цяжкасці, але, калі разам і ў згодзе, то многае можна пераадолець. Разам яны гадавалі трох дзяцей, знаходзілі для іх час і ўвагу, вучылі паважаць Бога і бацькоў, не баяцца сялянскай працы. Шанаваўся ў гэтай сям’і аўтарытэт бацькі і маці, па традыцыі збіраюцца разам у бацькоўскім доме на святы.

 Вялікае гора напаткала сям’ю Сушчанкаў год таму назад – ад цяжкай хваробы памёр адзіны сын Аляксандр. Дзве дачкі – Ірына і Марыя жывуць са сваімі сем’ямі ў Бабруйску і Брэсце, маюць залатыя юбіляры чатырох унукаў, дачакаліся ўжо двух праўнукаў – старэйшаму Ягору пяць гадоў, малодшаму Антону – тры гадкі.

Жанна Аляксандраўна свята шануе хрысціянскія традыцыі. З таго часу, як адчыніла дзверы Пакроўская царква ў Хойніках, яна не прапусціла ніводнай службы, на куце ў сваім доме стварыла іканастас, на сценах вісяць габелены з лікамі  святых. І жыве жанчына па-хрысціянску, робіць дабро людзям, якія акружаюць (дапамагала выгадаваць стрыечнага брата Анатолія Дубатдзела), заўсёды прыдзе на дапамогу пабочнаму чалавеку.

Ці можна ў невялікім матэрыяле паведаць аб пяці дзесятках гадоў адной шлюбнай пары? Толькі падумайце: колькі было свят, адных толькі навагодніх елак яны ўпрыгожылі паўсотні. А яшчэ былі дні нараджэння дзяцей, унукаў, потым праўнукаў. Але не хачу, каб у нашага чытача склалася ўражанне, што, маўляў, усё ў гэтай сям’і проста. Канешне, не. Жыццё пражыць, як гаворыць прымаўка, не поле перайсці. Усё было. І цяжкасці матэрыяльныя, і гады жыцця ў адным доме са свякрухай. Гэта ўжо потым быў свой домік з агародам і садзікам, апошнія вельмі выручалі. 

Любоў да зямлі для Жанны Аляксандраўны з’яўляецца другой любоўю, пасля дзяцей і мужа, канешне.

За плячыма Васілія Фёдаравіча і Жанны Аляксандраўны Сушчанкаў 50 гадоў сумеснага жыцця. Пажадаем жа нашым юбілярам дажыць да новых сямейных урачыстасцей на радасць іх родным і блізкім і надалей заставацца прыкладам для ўсіх заручоных.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *