З місіяй дабрачыннасці


Сёлета чацвёрты год запар на тэрыторыі нашай вобласці праводзіцца традыцыйны міжнародны веламарафон, прысвечаны чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яго адметнай рысай з’яўляецца ўдзел валанцёраў з ліку студэнтаў універсітэтаў Ірландыі і Германіі. Веламарафон стартаваў у Гомелі 12 чэрвеня, потым яго ўдзельнікі пабывалі ў Рэчыцы, а таксама ў санаторыях “Васільеўка” і “Чонкі”. Праз гэтыя аб’екты маршрут пракладзены невыпадкова. Справа ў тым, што адным з арганізатараў веламарафону з’яўляецца ірландская студэнцкая арганізацыя “Студэнты 10К – Чарнобылю”, якая ўжо многа год спансіруе гуманітарныя праекты, месцам рэалізацыі якіх і з’яўляюцца вышэйназваныя населеныя пункты.

У ходзе першага этапа велапрабегу госці з Ірландыі пабывалі на будаўніцтве цяпліц у доме-інтэрнаце “Васільеўка”, дамах сямейнага тыпу “Клімаўка” і “Дом Дамініка – дом Надзеі” ў г. Рэчыца, Гомельскім хоспісе. На ўсіх гэтых аб’ектах работы па абнаўленню і паляпшэнню бытавых ўмоў вядуцца ў многім за кошт сродкаў ірландскіх дабрачыннікаў.

А 16 чэрвеня гасцей з Ірландыі гасцінна сустракалі хайнічане. Замежныя госці прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным памяці ахвяр Чарнобыля, які прайшоў каля помніка Смутку. Выступілі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Л.В. Няволіна і прафесар Дублінскага універсітэта Джозеф Макграт (на здымку). Ен адзначыў асаблівую гасціннасць хайнічан і падкрэсліў, што імкнецца да таго, каб як мага больш яго студэнтаў змаглі пабываць на хойніцкай зямлі і на свае вочы пераканацца ў цеплыні, з якой тут заўсёды сустракаюць гасцей.

Удзельнікі мітынгу мінутай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр чарнобыльскай трагедыі.

Пасля гэтага госці з “Зялёнага вострава” пабывалі ў Палескім дзяржаўнымрадыяцыйна-экалагічным запаведніку і музеі “Трагедыя Чарнобыля” ў аграгарадку Судкова.

У наступны аўторак у ходзе другога этапа веламарафону ірландцы разам з валанцёрамі з Германіі яшчэ раз наведаюць наш раён з місіяй дабрачыннасці.


Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *