Для самадзейных артыстаў ГЦКіС стала ўжо добрай традыцыяй выступаць з канцэртнымі праграмамі перад вяскоўцамі. На днях аматары мастацкай творчасці завіталі да жыхароў вёсак Вялікі Бор і Барысаўшчына. Цудоўнай сцэнай для выканаўцаў стала імправізаваная пляцоўка каля будынкаў сельскіх ДК. Лагодны ліпеньскі ветрык лашчыў сабраўшыхся, у паветры звонкім срэбрам пераліваліся галасы выканаўцаў і здавалася ў такт музыцы вадзілі свой карагод зоркі ў аксамітным небе…
Музыкі і песень хапіла ўсім – і сталым, і маладым. Кожны знайшоў для сябе сваю песню, сваю мелодыю і атрымаў пэўную “дозу” асалоды і задавальнення. Зачаравалі лірычнымі песнямі слухачоў Л. Барадуліна, С. Мазур, Д. Шарапаў, П. Барадулін, Н. Шарапава. Літаральна “запалілі” моладзь Я. Заяц і А. Сарнаўская; бурнымі эмоцыямі суправаджалі вяскоўцы выступленне нашых спявачак Насці Лабачовай і Вікі Барадулінай, а таксама абаяльных танцорак з СШ № 3. Не падвяла самадзейных артыстаў і апаратура, за якой уважліва сачылі А. Алейнік і А. Ядчанка.
Л. КРАЎЧАНКА, мастацкі кіраўнік ГЦКіС.