У чацвер на Хойнікшчыне бушавала сапраўдная пясчаная бура.
Моцны парывісты вецер падымаў пыл высока ў неба. У выніку населеныя пункты апусціліся ў цемру, і вуліцы з-за шэрасці нагадвалі карціны з фільмаў жахаў. Аўтамабілістам на дарогах з-за дрэннай бачнасці даводзілася з’язджаць на абочыны і спыняцца.
Рэдкая атмасферная з’ява закранула і іншыя гарады вобласці. Фота і відэа з месцаў, якія апынуліся ў палоне пылу, дзяліліся ў сацыяльных сетках жыхары Брагіна, Лоева, Добруша, Гомеля і інш. Акрамя таго, вецер «палажыў» дрэвы, банеры і кветніцы.
Пылавыя завесы – следства сухога надвор’я, нізкага ўзроўня вільгаці на палях. Плюс моцны вецер. Вычуды нябеснай канцылярыі больш за астатніх адчулі на сабе працаўнікі палёў, якія апынуліся ў эпіцэнтры пагодных падзей. Але яны, як заўсёды, падыйшлі да вырашэння ўзніклай сітуацыі разумна: з-за моцнага ветру былі перапынены вапнаванне і падкормка, а правядзенне астатніх работ прадоўжылі пасля таго, як стыхія пакінула раён, а над палямі перасталі «гуляць» вялізныя пыльныя шлейфы.
Безумоўна, падобныя з’явы ў нашай стрыманай беларускай прыродзе выклікаюць трывожнасць, але будзем спадзявацца на прагнозы сіноптыкаў, якія абяцаюць у бліжэйшыя дні дажджлівае надвор’е, а таксама паслабленне ветру.
Да слова, калі вярнулася пасля паездкі па раёну ў рэдакцыю мой твар, з-за пылу, выглядаў быццам з вельмі моцным загарам, а аддзенне наадварот стала цалкам белым.
Наталля РЭВЯКА.
Фота аўтара.