У галоўных ролях толькі дзеці

Образование

IMG_4827Штогод у маі выхаванцы дзіцячых садоў раёна рыхтуюцца да ўрачыстай падзеі – фестывалю дзіцячай творчасці «Які прыгожы гэты свет».
Асноўная ідэя фестывалю – падтрымка ранняй адоранасці дзяцей. Таму на сцэне цэнтра культуры г. Хойнікі можна было пабачыць толькі самых юных – выхаванцаў дашкольных устаноў раёна. Яркія касцюмы, прыгожыя танцы і песні ў выкананні маленькіх талентаў захаплялі ўсіх, хто быў у глядзельнай зале. Гэта танцы «Беларусінкі» і «Іскрынкі полымя» сада № 4 г. Хойнікі, рытмічны танец з лыжкамі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, гумарыстычная інсцэніроўка «Эх, Ванюша» санаторнага ясляў-сада. Усяго не пералічыць. У гледачоў вочы разбягаліся ад стракатасці дзіцячых убораў. Крыху адпачыць ад дынамічных выступленняў дапамагалі вядучая фестывалю – вучаніца СШ № 1 Ганна Дзічэнка і камічныя казачныя персанажы.
Рабяты змаглі прадэманстраваць свае ўменні шырокаму колу гледачоў пры моцнай падтрымцы дарослых: выхавацеляў і бацькоў, якія разам падрыхтавалі сцэнічныя нумары і касцюмы – кожная дашкольная ўстанова самастойна вырашала гэта пытанне і, прыемна прызнаць, удала справіліся са сваёй задачай. Танцоры і спевакі былі апрануты з густам у тэму свайго выступлення.

IMG_4924
Ад куратара фестывалю – аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на чале з Л.Ф. Кулакоўскай па заканчэнні мерапрыемства ўсім дашкольным установам былі перададзены новыя развіваючыя гульні-канструктары. Музычны цэнтр у якасці падарунка ад дэпутата абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання па Хойніцкай выбарчай акрузе № 59, генеральнага дырэктара ААТ «Гомельаблаўтатранс» Д.М. Старасценкі быў дастаўлены ў аддзел адукацыі, спорту і турызму напярэдадні, у ходзе мерапрыемства яго атрымаў калектыў санаторнага ясляў-сада г. Хойнікі.

IMG_5064
Матэрыяльную падтрымку ў арганізацыі фестывалю аказалі індывідуальныя прадпрымальнікі А.А. Прыходзька, С.А. Крысенка, Л.М. Сідненка, А.А. Чарняк, А.І. Цішкевіч. За іх сродкі набыты музычныя інструменты, на якіх ігралі на сцэне малышы: чаго каштуе толькі адзін танец з маракасамі выхаванцаў ясляў-сада № 2 г. Хойнікі! А салодкія падарункі ад спонсараў сталі ўзнагародай для рабят пасля выступлення. Не засталіся артысты і без кветак – каляровыя рамонкі з шарыкаў атрымалі ў падарунак ад аднаго са спонсараў – А.І. Цішкевіч.

IMG_4968
Арганізатары свята дзіцячай творчасці спадзяюцца на працяг такой грамадскай падтрымкі і з удзячнасцю жадаюць прадоўжыць сяброўства з людзьмі, неабыякавымі да нашай агульнай будучыні. Тым больш, як паказаў фестываль, будучыня гэта валодае вялікім талентам.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *