Погляд у мінулае з 2014-га


IMG_9074Нарадзілася я ў 1933 годзе ў вёсцы Куравое ў працавітай сялянскай сям’і. У пачатку вайны мой бацька Фёдар Рыгоравіч Броўкін быў прызваны на фронт. Акупацыйны перыяд маці Марыя Уладзіміраўна, у дзявоцтве Кудрыцкая, перажывала з чатырма дзецьмі, з іх я была старэйшая.
3 чэрвеня 1943 года гітлераўцы прыехалі на аўтамашынах у вёску, акружылі з усіх канцоў, а жыхароў сагналі на сход. Сказалі, што павязуць у багатую Германію, дзе будзем шчасліва жыць. Пажылым жыхарам прапанавалі сесці ў машыну, а малодшым – пагрузіцца на вазы. Калі крыху ад’ехалі, абярнуўшыся, убачылі, што вёска гарэла, зажыва загінулі ў агні і старыя людзі, якіх зачынілі ў хляве.
Праз вёску Муціжар нас прывезлі на чыгунку ў Калінкавічы, пагрузілі ў таварняк, дзе былі ўжо і жыхары вёскі Вялікі Бор, якую спалілі ў той жа дзень. Дарога была доўгай і цяжкай, у лагер прыбылі позняй восенню. У Германіі размеркавалі нас каго куды. Маю маці – на абутковую фабрыку. Памятаю, там быў гараж для машын, і ў ім пабудавалі двухпавярховыя нары. Там мы і жылі, за калючым дротам, пад каравулам. А фабрыка побач была.
Кармілі так сабе. Не скажу, што здзекваліся з нас, толькі калі за дрот выйдзеш. Я ж паводзіла сябе дысцыплінавана, пакуль маці была на працы, даглядала малодшых сясцёр і брата. Мы трапілі да добрага немца – гаспадара фабрыкі. Ён быў звязаны з адной рускай жанчынай, дапамагаў нам. Да канца вайны, калі наступалі амерыканцы, немец нас папярэдзіў, што дома заставацца нельга: фабрыку меркавалі ўзрываць (гэта ён сваёй знаёмай сказаў, а яна – нам). Параіў пайсці ў бомбасховішча, і былі мы там да таго часу, пакуль амерыканцы не вызвалілі нас.
Дарога дамоў заняла тры месяцы. Прыехалі на папялішча: голад, холад, апрануць не было чаго, шчаўё ды лебяда нарасхват былі для ежы.
Нашай сям’і пашанцавала – бацька жывым вярнуўся з вайны, з зямлянкі перайшлі жыць у пабудаваную хату. Мы, дзеці, з маленства пазналі сялянскую працу, інстытутаў не заканчвалі, я пайшла ў школу ў 13 гадоў і закончыла толькі чатыры класы. Жылі вельмі дружна – у нашай сям’і нарадзілася яшчэ трое дзяцей. Слава Богу, усе ўладкаваліся ў жыцці.
На пенсію я выйшла з калгаса, раней некаторы час працавала ў Хойніках на кансервавым заводзе. Тады ж і пазнаёмілася са сваім мужам. Павел Яфрэмавіч Шаўчук быў ураджэнцам Брагінскага раёна, многа адпрацаваў у хойніцкім лясгасе. Наш адзіны сын Аляксандр атрымаў адукацыю, жыве ў горадзе Заслаўлі Мінскай вобласці, вядзе прыватную дрэваапрацоўчую справу.
Гады жорсткага ліхалецця асабліва бярэдзяць памяць напярэдадні вызваленчых свят. Вайна скалечыла мой лёс: адабрала і дзяцінства, і юнацтва, і маладосць, не дала спраўдзіцца марам. Вось чаму так цаню сённяшні мірны дзень і жадаю, каб тое, што перажыло маё пакаленне, ніколі не паўтарылася.

А. ШАЎЧУК,
непаўналетні вязень фашысцкіх канцлагераў.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *