Як на Славянскім, на базары?

Рэха падзеі

doc6g4ohjovu9fx1amb3tq_800_480Пераагорнута апошняя старонка канцэртнага жыцця ў Віцебску, дзе праходзіў 23 міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». 10-14 ліпеня горад наведалі артысты, турысты з розных куткоў Беларусі і замежжа.
Былі на фестывалі і хайнічане. Мы спыталі ў іх: як на Славянскім, на базары?
Наталля Ешчанка:
– Стараюся не прапускаць ніводнага падобнага фестывалю ў Віцебску. Штогод з дачкой прыязджаем да родзічаў напярэдадні «Славянскага базару» і знаходзімся там на працягу ўсяго мерапрыемства. Сёлета хадзілі на канцэрты расійскіх гумарыстаў, а таксама на сольны канцэрт групы «Любэ». Гулялі па цэнтральных вуліцах, якія ў час фестывалю заўсёды ператвараюцца ў «маленькі Арбат» з-за насычанасці там мастакоў, майстроў, умельцаў, якія прадаюць свае карціны, філігранныя ўпрыгожванні, самабытныя сувеніры і многае іншае.

gala-slavonic-bazaar-vitebsk-20140714-02-600x400
Алена Мідзелоўская:
– На «Славянскі базар» ездзіла ў другі раз, і зноў засталіся яркія ўражанні. Толькі паспявала фатаграфаваць для пераймання вопыту шматлікія імправізаваныя падворкі – кавалёў, ганчароў, домікі бондараў, мастакоў. Нядаўна ў горадзе ўстанавілі помнік князю Вялікага княства Літоўскага Альгерду. Я на канцэрты не хадзіла, пры гэтым з любога месца ў цэнтры горада можна было пачуць спевы ўдзельнікаў фестывалю. А ўвечары горад зіхацеў у святле начных ліхтароў і нагадваў Парыж. Вядома ж, прывезла сувеніры, якіх у знакамітым віцебскім горадзе майстроў безліч.

gala-slavonic-bazaar-vitebsk-20140714-08-600x400
Ірына Баброва:
– На працягу ўсяго фестывалю разам з эканамістам па збыту Марыяй Казмярчук рэалізоўвалі ў Віцебску прадукцыю Хойніцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў, дзе мы працуем. Агульная выручка склала больш за 18 мільёнаў рублёў, што лічу добрым вынікам – сувеніры з саломкі разыходзіліся на «ўра». Ад іх прыходзілі ў захапленне расіяне, яны і раскупілі большасць нашай прадукцыі. А замежныя госці фестывалю ў асноўным фатаграфаваліся каля нашай палаткі. Хаця на канцэртах не ўдалося пабываць, але радаснай атмасферай свята мы пранікліся спаўна.

gala-slavonic-bazaar-vitebsk-20140714-12-600x400
Міхаіл Рашэтнік:
– Лічу, што пабываць на «Славянскім базары» павінен кожны беларус. Тым больш, што цяпер гэта не сціплы песенны конкурс, за дзесяцігоддзі ён вырас у сапраўдную творчую Алімпіяду, дзе дэманструюць свае дасягненні прадстаўнікі розных відаў мастацтва. Усёй сям’ёй мы марылі зрабіць гэта сёлета, але, на жаль, у сілу розных абставін паехаць не атрымалася. Хаця мы ўжо вывучылі праграму мерапрыемства, вызначыліся з канцэртамі, на якіх хацелі б пабываць. Гэта жаданне плануем ажыццявіць у наступным годзе.

Апытвала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *