Калісьці тут да самай трасы стаялі хаты, цяпер жа абапал высокія зялёныя сцены з «каралевы» палёў – кукурузы. Амаль дзве сотні вяскоўцаў (да чарнобыльскай аварыі), школа, магазін, клуб, шчодрыя сады, прастольнае свята Мікола…
Зараз гэта ўсё толькі на фотаздымках ды ва ўспамінах мясцовых жыхароў.
З задавальненнем і ў той жа час вялікім шкадаваннем яны расказвалі пра гаманлівае мінулае вёскі Рабец, шматлікія вяселлі, хрэсьбіны, провады ў армію. Як працавалі на ферме, што ў суседняй в. Дуброва знаходзіцца, а ўвечары хадзілі на танцы. Як юнакі «ганялі» на футбольным полі за вёскай, хадзілі на рыбалку, а дзяўчаты шылі, вязалі ды гатавалі розныя смачнасці ў печы. Усе вяскоўцы добрую гаспадарку мелі, агароды садзілі.
Успаміналі мае суразмоўцы і аб сваім знакамітым земляку Васілію Афанасьевічу Равяка, які з’яўляецца Героем Беларусі, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі, кандыдатам сельскагаспадарчых навук і зараз узначальвае вытворчы кааператыў «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна. Узгадалі і пра воінаў-землякоў, якія загінулі і прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны – Рыгор Бандарчук, Міхаіл Кузьменка, Андрэй Казлоўскі, Аляксей Броўка, Арсен Касабуцкі, Уладзімір Броўка, Іван Даўгалёнак, Мікалай Казлоўскі, Пётр Касабуцкі і Уладзімір Казлоўскі. Называлі і імёны партызан Пятра Міхаленкі і Сямёна Цыруліка.
– Наша вёска з’явілася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Сюды пачалі перасяляцца жыхары з Алексіч. Найбольш актыўная забудова праходзіла ў 1920 годзе, – расказваў Валерый Навумавіч Кавальчук, якога я застала каля калонкі, дзе ён набіраў ваду. – Раней столькі моладзі было, а зараз дажываем. Відаць, лёс у нашага Рабца такі… Я адзін жыву, вунь з Бімам» – дзядуля кіўнуў на плот, дзе «загараў» бела-руды сабачка.
Адна жыве і Леаніда Лявонцьеўна Касабуцкая, якую заўважыла ў цяньку на лавачцы. Прысаджваюся побач і заводжу гутарку з прыемнай бабулькай. Яна адна з доўгажыхароў вёскі, ёй 80 гадоў. Усё жыццё працавала паштальёнам, спачатку ў Алексічах, потым у Слабажанцы. Разносіла пошту па вёсках Грачыхіна, Дуброва і ў сваю, Рабец.
– Без выхадных працавалі і нават па начах даводзілася. Шматкіламетровыя адлегласці пераадольвалі пешшу. Цэлы дзень на нагах, пакуль усе хаты абыйдзеш, іх ужо не адчуваеш. Раней многа газет выпісвалі, асабліва раёнку любілі чытаць, падпісваліся на розныя часопісы, а колькі пісьмаў, паштовак і тэлеграм дасылалі – ох, цэлымі мяхамі! Памятаю, нясеш адну сумку за плячыма ды яшчэ адну наперадзе – рукі адвальваюцца, – аддалася ўспамінам бабуля.
Пакуль размаўляла з ёй, сіні кавалак неба ператварыўся ў навіслую свінцовую хмару. Яна шырылася і расла як вялікі ветразь, раздзьмуты ветрам. Сонца схавалася. Па полі пабеглі палахлівыя цені, і яно, быццам прытаілася ў чаканні, а хмара набліжалася і цямнела, і час ад часу агністыя ніці маланкі пранізвалі яе.
Нарэшце хмара нібы расшчапілася маланкай, прагучаў моцны ўдар грому і лінуў дождж – густы і цёплы. За хвіліну я змакрэла да ніткі. Выратавала мяне з дажджавога палону Марыя Рыгораўна Кужаль, якая, як потым высветлілася, з’яўляецца ўпаўнаважанай вёскі Рабец. Яна запрасіла ў дом. Мы гутарылі з гаспадыняй пад музыку ліўня, які барабаніў па вокнах, седзячы на верандзе.
– Апусцела вёска, нас чалавек дванаццаць засталося. Там Корбіты жывуць, далей Раманцовы, потым Камісараў Слава, затым Бажкі, пасля Лёня Касабуцкая, Сяргей Броўка, Валянцін Кавальчук, Васілій Пугач… ну і мы вось з мужам Аляксандрам. Нас мала, але дружна жывём, часта збіраемся на лавачцы пасядзець, пагутарыць. А так у асноўным усе заняты хатнімі клопатамі. Мы вось каня, карову, свіней і курэй трымаем, агарод даглядаем – сумаваць не даводзіцца. Тройчы на тыдзень да нас у вёску аўталаўка прыязджае, два разы – пошта на колах. Калі неабходна, фельчара выклікаем па тэлефоне, а так у бальніцу ў Глінішча ці ў райцэнтр ездзім. Мінулай восенню ўсе пустуючыя дамы знеслі, а вызваленыя землі ўвялі ў севазварот. Цяпер адчуванне закінутасці вёскі знікла, – вяла гутарку Марыя Рыгораўна. – У нас з мужам чацвёра дзяцей і восем унукаў. Яны часта нас наведваюць, дапамагаюць. Вось і зараз дзеці ў нас гасцююць.
Дождж перастаў гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Разарваная хмара ссоўвалася за далёкі лес, неўзабаве сонечны бляск зноў заліў вясковую вуліцу. Над хатамі нахілілася вясёлка. Любуючыся ёй, захацелася, каб нягледзячы ні на што, жыццё Рабца было такім жа яркім і рознакаляровым, як яна.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.